Падзяляючы спадчыну Скарыны

скарина

Ці варта дзяліць спадчыну Францішка Скарыны ці лепш яе падзяляць? Ці можам мы з вышыні ХХІ стагоддзя правільна разумець падзеі 500-гадовай даўніны? Пра гэта разважае каталіцкі святар ксёндз Сяргей Сурыновіч:

Сапраўды радасным, дарэчным і сваечасовым з’яўляецца тое, што апошнім часам нашае навуковае грамадства стала больш актыўна звяртацца да падзеі 6 жніўня 1517 года на свята Перамянення Госпада, калі Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу – «Псалтыр», а таксама непасрэдна да яго асобы.

Раздзяляючы спадчыну першадрукара, на жаль, мы робім дастаткова шмат памылак, уяўляючы час Скарыны і яго самога праз прызму нашых паняткаў, меркаванняў і ідэалагічных высноваў, якія, у сваю чаргу, сфарміраваныя і народжаныя сёння, ва ўмовах сучасных узаемаадносінаў паміж канфесіямі, светапоглядаў і крыніцаў адукацыі.

Францішак Скарына быў тыповым еўрапейцам свайго часу. Ён адчуваў сябе аднолькава свабодна ў Кракаве і Падуі, Празе і Вільні, але ніколі не забываўся, што ён “из славнаго града Полоцка”. Асветнік паводзіўся як тыповы адукаваны прадстаўнік позняга Сярэднявечча ці ранняга Рэнесансу. Менавіта гэты час, і асоба ў гэтым часе, павінныя быць больш даследаванымі. Гэтае заданне, у першую чаргу, кладзецца на плечы гісторыкаў, культуролагаў і нават этнографаў, але першыя высновы, якія паўстаюць, –  сам Скарына быў вельмі дыскрэтны, магчыма, нават дыпламатычны і інтэлігентны, рабіў так, каб усе былі задаволеныя, але меў за мэту, перш за ўсё, духоўную і асветніцкую карысць сваіх суайчыннікаў, што было звязанае з духам таго часу і імкненнем адукаваных людзей Вялікага Княства.

Скарына трапіў у Еўропу, калі жыццё там было перапоўненае новымі ідэямі і плынямі. Верагодна, што думка заняцца друкарскай справай нарадзілася ў яго ў 1512 годзе ў Падуі, што знаходзіцца побач з цэнтрам ранняга кнігадрукавання – Венецыяй, але рэалізоўваць яе пачаў у Празе. Пражскі перыяд з’яўляецца найбольш вывучаным і даследаваным, тым не меней, “цёмныя месцы” у біяграфіі першадрукара застаюцца.

У віленскім перыядзе жыцця Скарыны, дзе асветнік заснаваў сваю друкарню “в дому почтивого Якуба Бабича, найстаршого бурмистра славного и великого места Виленского”, і дзе характар кнігавыдавецкай дзейнасці Скарыны мяняецца, сустракаем шмат супярэчнасцяў, якія толькі заблытваюць спрэчкі сучасных даследчыкаў, хаця б наконт канфесійнай прыналежнасці першадрукара.

Вільня не была адзіным горадам у ВКЛ, у якім мяшчане лацінскага і грэцкага абрадаў мелі роўныя правы. Гэтым жа быў адметны і старажытны Полацак, які атрымаў прывілей на Магдэбургскае права ў 1498 годзе. Можна сумнявацца, ці сапраўды палова палачанаў належала да лацінскага абраду, хоць каталікі там, несумненна, прысутнічалі. У канцы XV ст. каталіцкія манахі бернардзінцы заснавалі там свой кляштар і вялі дастаткова актыўную дзейнасць.

Мецэнатамі працы Скарыны ў Вільні былі мясцовыя мяшчане “грэцкага абраду” – бурмістры і сябры Гарадской рады. Гэта наводзіць на думку, што, робячы свае пераклады кніг Старога Запавету, Скарына мог карыстацца грэцкім тэкстам Септуагінты, які паўсюдна выкарыстоўваўся усходнімі хрысціянамі. Тым не меней даследчык Эбэнэзер Гендэрсан (Ebenezer Henderson, 1784-1858), здзейсніўшы ў ХІХ стагоддзі лінгвістычны аналіз першых раздзелаў Кнігі Быцця (Роду) першадрукара, прыходзіць да высновы, што пераклад быў зроблены з лацінскай Вульгаты. Пазнейшыя даследчыкі даводзяць, што Скарына найхутчэй карыстаўся зробленым з Вульгаты чэскім выданнем Бібліі, што выйшла друкам у Венецыі ў 1506 годзе.

У 1522 годзе ў Вільні ўбачыла свет “Малая падарожная кніжыца” – вытанчанае выданне невялікага фармату, папулярнае сярод людзей розных статусаў, патрэбнае таксама і для штодзённага выкарыстоўвання мецэнатам асветніка. У “Малой падарожнай кніжыцы” змешчаныя восем акатыстаў і злучаных з імі канонаў. Акатыст Святому Яну Хрысціцелю і Імю Гасподняму, паколькі не сустракаюцца нідзе болей, паказваюць на тое, што іх аўтарам мог быць сам Скарына, пра гэта піша А. Турылаў ў сваёй кнізе “Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции”.

Ян Хрысціцель заўсёды карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод славянаў “грэцкага абраду”. Апрача змешчанага Скарынай, вядомыя яшчэ тры акатысты ў ягоны гонар. Акатыст Імю Ісусаваму не мае паралелі ў грэцкай і славянскай усходняй гімнаграфіі. Набажэнствы да імя Ісуса былі распаўсюджаныя ў часе Скарыны як на Усходзе, так і на Захадзе, прычым пашыральнікамі гэтага культу на Захадзе былі францішкане-бэрнардынцы, якія ў той час мелі свой кляштар у Полацку.

Асаблівую цікаўнасць прадстаўляе акатыст святым апосталам Пятру і Паўлу. Прывядзем некаторыя цытаты з яго тэксту – “Радуйся Исусом, любимый апостоле Петре, его же ради мирская опустивый; радуйся, Божий наместниче и того для духовныя возлюбивый” альбо “Радуйся, Риму славнаго глава, прастыря стада Христоваго по собе в нем оставивый”, якія скіроўваюць чытача да дагматычных традыцыяў Каталіцкай Царквы. Звяртаючыся да святога Паўла, аўтар піша: “Радуйся ты, во прехвальном Риме вкупе с намесником Исусовым мучение принял”. У праваслаўным выданні 1628 года гэтыя фразы адсутнічаюць або непазнавальна змененыя. Ці гэта недагляд друкара, альбо наўмыснае дэманстрацыя свайго светапогляду? Пытанне застаецца адкрытым.

Францішак Скарына быў тыповым прадстаўніком Рэнесансу, – часу, які імкнуўся да еднасці і асветы. Варта заўважыць, што першадрукар меў вельмі шырокія далягляды ўласнага светапогляду, магчыма, больш разлеглыя і вольныя, чым сучасных даследчыкаў яго спадчыны. Можна і далей дзяліць спадчыну першадрукара, але запярэчыць таму, што яго эпоха і яе бачанне свету паклалі шлях да еднасці (Уніі), у тым ліку і царкоўнай, на нашых землях, падаецца немагчымым.

А. Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА.INFO

Бібліяграфія

Надсан А. – Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi / пад. рэд. А.Ф. Смаленчука. – Вiльня: ЕГУ, 2012.

Турилов А. – “Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции”.– Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности. Тезисы докладов.  – Ленинград, 1979.

Henderson E. – Biblical Researches and Travels in Russia. – London 1826.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі