Больш за 30 тыс. вернікаў узялі ўдзел у Будслаўскім фэсце (фотарэпартаж)

Урачыстасці ў Будславе 3Каля 30-35 тыс. рыма- і грэка-каталіцкіх вернікаў узялі 3 і 4 ліпеня ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай. У нацыянальны санктуарый у Будславе (Мядзельскі раён) многія з іх прыйшлі ў складзе пешых пілігрымак з розных гарадоў Беларусі, найдаўжэйшай з якіх была пілігрымка Брэст-Баранавічы-Будслаў. Дэвізам урачыстасцяў сталі словы “Марыя – прытулак грэшных”.

У сваёй гаміліі падчас святой Імшы апоўначы ў Будславе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што няма людзей без граху, бо грэх –  гэта рэчаіснасць нашага жыцця. Аднак пры гэтым ён заклікаў памятаць, што трываць у граху – гэта ўжо д’ябальская справа. Арцыпастыр заклікаў таксама змагацца з грахом, а не з чалавекам, бо ён заўсёды можа навярнуцца.

“Сёння мы становімся з надзеяй і даверам перад Той, якая ёсць прытулак грэшнікаў, з надзеяй, што Яна прывядзе нас да свайго Сына – Міласэрнага Езуса, які ўратуе нас ад усялякага жыццёвага шторму і прывядзе ў порт збаўлення”, – сказаў іерарх.

Мітрапаліт таксама нагадаў пра “духоўны Чарнобыль”, падчас якога атэізмам была высушаная беларуская зямля, зруйнаваныя храмы. Пры гэтым ён заявіў, што і сёння, у час свабоды веравызнання, людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога няма. У прыватнасці, ён прыгадаў легалізацыю аднаполых шлюбаў у шматлікіх краінах, у тым ліку і на рэферэндуме ў каталіцкай Ірландыі. “Свет перавярнуўся з ног на галаву, але любы спартовец ведае, што на галаве доўга не прастаіш”, – падкрэсліў арцыпастыр.

Чалавечае жыццё мітрапаліт параўнаў з  роварам, які падае, калі не знаходзіцца ў вертыкальным становішчы. “Чалавек прызначаны для жыцця, у якiм павiнна быць не толькi гарызантальнае вымярэнне, гэта азначае клопат пра матэрыяльныя справы, але і вертыкальнае – а менавiта што таксама чалавек павiнен мець адносiны з Богам. Калi iх не будзе, то ён упадзе і апынецца ў грахоўным балоце”, – патлумачыў ён.

Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў і пра фізічны пераслед, з якім сутыкаюцца хрысціяне толькі за тое, што яны носяць імя Хрыста. У мінулым годзе па ўсім свеце было забіта 100 тыс. хрысціянаў, заявіў ён.

«На Беларусi Бог жыве i Беларусь жыве Богам», – адзначыў арцыбіскуп.

Галоўную святую Імшу 4 ліпеня ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Ён падкрэсліў, што пілігрымы ў Будславе былі поўныя радасці, бо адчувалі сябе збаўленымі. Паводле яго, пачуццё нянавісці не здольнае абмежаваць радасць таго, хто верыць. “Збаўленне народа прыходзіць не з яго моцы – яно прыходзіць з моцы любові”, – сказаў прадстаўнік Святога пасаду.

Ён адзначыў, што Маці Божая трымае кожнага са сваіх дзяцей, у тым ліку і беларускі народ,  падобна маленькаму Збаўцу. Беларусаў Апостальскі Нунцый заклікаў быць адважнымі і мець веру ў будучыню.

Узялі ўдзел ва ўрачыстасцях і праваслаўныя вернікі. Некаторыя з іх прыйшлі ў Будслаў пілігрымамі. Таксама сярод гандлёвых шэрагаў стаялі намёты Свята-Лізавецінскага кляштару, а кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў павіншаваў прысутных ад імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла і вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. “Маці Божая для нас з’яўляецца сапраўднай Маці, якая ўсіх нас, як сваіх родных дзяцей, сцеражэ і выхоўвае. Мы як Яе дзеці таксама павінны любіць адзін аднаго, бо спрэчкі, сутыкненні, якія бываюць паміж намі, раняць Яе сэрца”, – сказаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі