Біскуп Яшэўскі ў Тракелях: Толькі жыццё, цалкам даверанае Богу, мае адметны смак

тракеліУ Тракелях 10-11 ліпеня адбыліся ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай Каралевы сем’яў. Удзел у свяце ўзялі амаль 2 тысячы пілігрымаў, частка якіх прыйшла пехам з Гродна, Ашмянаў, Іўя, Ліды, Навагрудка, а таксама навакольных мястэчак. Самай вялікай стала пілігрымка з Гродна – амаль 400 чалавек. Частка ўдзельнікаў прыехала з Літвы на аўтамабілях.

Кульмінацыяй свята стала Святая Імша апоўначы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB – таксама нараджэнец Гродзеншчыны, які паходзіць са Смаргоні. Герарху саслужылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец i шматлікія святары, паведамляе catholic.by.

Звяртаючыся да пілігрымаў, біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што раней ён шмат разоў бываў у Тракелях як святар і пілігрым, цяпер упершыню прыехаў у якасці герарха, дзякуючы за ўсе ласкі, атрыманыя ад Госпада. З прызначэннем і прыняццем біскупскай сакры біскупа Яшэўскага павіншаваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Начной Святой Імшы папярэднічала ўрачыстая працэсія з копіяй абраза Маці Божай Тракельскай, падчас якой спяваліся песні ў гонар Панны Марыі.

Звяртаючыся да вернікаў з гаміліяй, біскуп Яшэўскі падкрэсліў: “Тут, у Тракелях, сабраліся пілігрымы рознага ўзросту і стану, каб супольна сведчыць аб тым, што акрамя Адзінага і Найлепшага Айца, якім ёсць Бог, наш народ добра ведае імя Адзінай і Найлепшай Маці – Найсвяцейшай Панны Марыі”.

Таксама герарх разважаў пра дзве цноты Марыі: згоду з Божай воляй і пакору, нагадваючы, што “кожны дзень перад намі з’яўляюцца розныя выклікі пацвярджаць сваім жыццём гатоўнасць прыняць і выконваць волю Бога”. “ Толькі жыццё, цалкам даверанае Богу, мае свой адметны смак і можа прынесці сапраўдную радасць” – падкрэсліў герарх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі