У Берліне з’явіцца Дом трох рэлігій

святарыУ сталіцы Нямеччыны Берліне ідзе збор сродкаў на будаўніцтве ў горадзе Дома трох рэлігій, які мусіць аб’яднаць прадстаўнікоў хрысціянства, ісламу і юдаізму. Размесціцца ён на месцы самай старой берлінскай царквы – кірхі святога Пятра, якая ўзгадваецца яшчэ ў ХІІІ стагоддзі і была знішчаная ў 1964 годзе камуністычнымі ўладамі ГДР.

Мэта гэтай задумы – стварыць дом малітвы і адукацыі, у якім хрысціяне, юдэі і мусульмане маглі б ладзіць свае богаслужбы, шукаць дыялогу, вывучаць асаблівасці і спадчыну адзін аднаго, каб разам ствараць мірнае грамадства, у якім бы паважаліся перакананні іншых.

“Наша мэта – сабраць тры рэлігіі пад адным дахам. Пры гэтым ніхто не збіраецца спалучаць тры канфесіі, ствараць нейкую новую ўніверсальную рэлігію”, – падкрэслівае адзін з кіраўнікоў праекту, пратэстанцкі багаслоў кангрэгацыі святых Марыі і Пятра Роланд Штольтэ (Roland Stolte), паведамляе карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

Па задуме аўтараў праекту, Дом трох рэлігій будзе падзелены на тры часткі, пабудаваныя ў выглядзе царквы, мячэці і сінагогі. Пасярод іх будзе месца для сумесных сустрэч. Пры гэтым памяшканні, зробленыя ў выглядзе сакральных памяшканняў, мусяць быць прыстасаванымі для правядзення богаслужэнняў. Разлічаны будынак на 350 чалавек.

Конкурс праектаў на будаўніцтва цэнтру быў абвешчаны ў 2012 годзе. Па выніках былі адабраныя 32 удзельнікі з 14 краін. У некаторых праектах будучы цэнтр нагадваў сабой хімічны завод, у некаторых – тры побач пасаджаныя бульбіны. Перамог праект архітэктарскай школы Кюн Мальвеццы (Kuehn Malvezzi). На яго будаўніцтва трэба каля 50 млн еўра.

дом

Кіруюць праектам прадстаўнікі трох канфесій: пастар Евангелічнай кангрэгацыі святых Пятра і Марыі Грэгар Хобэрг (Gregor Hohberg), прадстаўнік Форуму за міжкультурны дыялог імам Кадыр Санджы (Kadir Sanci) і равін юдэйскай супольнасці Берліна Товія Бэн-Хорын (Tovia Ben-Chorin). Дасягнутая дамоўленасць таксама з прадстаўнікамі каталіцкай і праваслаўнай супольнасцяў. З імі вырашаецца пытанне сумеснага выкарыстання трыма хрысціянскімі канфесіямі для богаслужэнняў памяшкання, адведзенага пад царкву.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі