БХД заклікае Праваслаўную Царкву спыніць «чарнасоценныя акцыі» казакаў

казакіБеларускія хрысціянскія дэмакраты звярнуліся да Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама да Генеральнай пракуратуры Беларусі з просьбай адпаведна адрэагаваць на згубную, з гледзішча гуманістычных каштоўнасцяў, практыку функцыяніравання моладзевых праваслаўных ваенна-патрыятычных летнікаў, якія рэгулярна праводзіць казацкая арганізацыя “Казачы Спас”.

Адзін з такіх летнікаў будзе дзейнічаць пад Мінскам з 13 па 19 ліпеня. Хрысціянскія дэмакраты  просяць праваслаўных герархаў і супрацоўнікаў пракуратуры звярнуць увагу на тое, што падчас працы псеўдаказацкага летніка у сеціве і прэсе змяшчаюцца шматлікія фота- і відэаматэрыялы, дзе  маладыя людзі і падлеткі пазіруюць з агнястрэльнай зброяй і імітуюць баявыя дзеянні, паведамляе bchd.info.

БХД звяртае ўвагу Генеральнай пракуратуры, мясцовых органаў улады і БПЦ на тое, што пад прыкрыццём “ваенна-патрыятычных трэніровак” і “праваслаўнага выхавання” адбываецца прапаганда вайны, фізічная і псіхалагічная падрыхтоўка моладзі, у тым ліку няпоўнагадовай, да ўдзелу ў баявых дзеяннях.

Таксама хрысціянскім дэмакратам падаецца абуральным намер ўдзельнікаў летніка далучыцца да хроснага ходу на “Лінію Сталіна” ў другой палове ліпеня, у чым  складальнікі зварота бачаць спробы апраўдання сталінізму, які прынёс Беларусі мільёны ахвяраў, у тым ліку, сярод духавенства і вернікаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі