Кенійскія пастары – Абаме: Не трэба заводзіць гаворку пра геяў

nairobi_4m2013_cfiНапярэдадні візіту прэзідэнта ЗША Барака Абамы на радзіму яго бацькі – Кенію для ўдзелу ў міжнародным эканамічным саміце мноства кенійцаў выказалі сваё нежаданне слухаць выказванні прэзідэнта ЗША на тэму правоў геяў і аднаполых шлюбаў.

Апытанне грамадскай думкі паказала, што Абама карыстаецца папулярнасцю сярод насельніцтва Кеніі і што яго візіт чакаецца з нецярпеннем, аднак існуюць і супярэчнасці.

700 кенійскіх евангелічных пастараў напісалі адкрыты ліст прэзідэнту Абаме з просьбай не выказвацца на тэму сэксуальных меншасцяў. “Няхай кажа аб развіцці, аб супрацоўніцтве, аб даўніх сувязях Кеніі і ЗША, – заяўляе Марк Карыукі, каардынатар ініцыятывы. – А вось пра нашу веру і культуру – не трэба! Сям’я – апора дзяржавы. Калі інстытут сям’і разбураны, то разбурана і дзяржава. Дык не дамо ж пачатак разбурэння нашай краіны!».

Прыхільнікі традыцыйнай сям’і таксама выступілі з некалькімі дэманстрацыямі на вуліцах Найробі.

Аднаполыя сувязі забароненыя ў Кеніі і 37 іншых афрыканскіх краінах. Паводле крымінальнага кодэксу Кеніі, любыя «ненатуральныя сувязі» караюцца пазбаўленнем волі тэрмінам да 14 гадоў.

Біскуп Карыукі заявіў, што будзе змагацца за тое, каб у Кеніі аднаполыя сувязі так і заставаліся па-за законам.

Вядучыя палітыкі краіны салідарныя са святаром. «Бог стварыў мужчыну і жанчыну не для таго, каб мужчыны жаніліся з мужчынамі, а жанчыны выходзілі замуж за жанчын», – заўважыў віцэ-прэзідэнт Кеніі.

Іншы заканадавец папярэдзіў, што калі Абама загаворыць аб правах геяў, то «яго папросяць замаўчаць і ехаць дадому».

Пасля легалізацыі аднаполых шлюбаў у ЗША адна з палітыкаў заявіла, што падобнае рашэнне ў яе краіне прывядзе да «катастрофы падобна Садому і Гаморы».

Біскуп Карыукі таксама заявіў, што падтрымліваючы правы геяў на шлюб, прэзідэнт Абама губіць Амерыку. «Я лічу, што Амерыка, раней былая хрысціянскай краінай, цяпер стала зусім іншай дзяржавай з блюзнерскімі мэтамі», – сказаў ён.

Па матэрыялах CBN.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі