Лукашэнка не хоча зносіць помнікі Леніну і хоча «аднесці» крыжы ў Курапатах

ленінПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня ў інтэрв’ю недзяржаўным СМІ заявіў, што ў Беларусі не будуць зносіць помнікі Леніну. Паводле яго слоў, хоць гэтыя помнікі — часам «нягеглае» мастацтва, а самога Леніна ў савецкі час «няправільна ацэньвалі і рабілі з яго абраз», яны будуць стаяць, пакуль «народ у сваёй пераважнай большасці ці ўсё скажуць», што помнікі трэба прыбраць і сабраць у «музей нейкі».

Аляксандр Лукашэнка таксама раскрытыкаваў расейцаў, якім не падабаецца, што ва Украіне зносяць «помнікі савецкага правадыра». Ён нагадаў, што менавіта ў Маскве першымі знеслі помнік Дзяржынскаму, а таму «не трэба сёння тыкаць на Украіну», перадае TUT.by.

Таксама прэзідэнт распавёў, што помнікаў Францішку Скарыну ў Беларусі больш ставіць не будуць.

Акрамя таго, ён прызнаўся, што ні разу не быў у месцы пахавання ахвяраў масавых савецкіх рэпрэсій у Курапатах. Але, рэгулярна праязджаючы міма Курапатаў, ён лічыць, што крыжы, якія «прама да дарогі выставілі», трэба «трошкі аднесці».

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што пабывае ў Курапатах, хоць іх і «занадта палітызавалі». «Я хачу там пабываць. Пара паставіць там кропку», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна» пад Заслаўем дэманструе «бязглуздзіцу сталінскіх часоў», бо абарончая лінія ад Балтыкі да Чорнага мора ў чэрвені 1941 года не зрабіла ніводнага стрэлу, хоць на ёй можна было «калі не стрымаць парыў фашыстаў, то надоўга яго затрымаць «.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі