Вернікі Друі прывіталі біскупа беларускімі спевамі

Друя1У Друі пад Браславам у парафіі Найсвяцейшай Тройцы 9 жніўня карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO стаў сведкам урачыстаці надзялення сакрамэнту канфірмацыі мясцовай моладзі, а таксама некалькім вернікам сталага веку, якую здзейсніў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Свята чакання біскупа кранулася друйскіх вернікаў у другі раз  – мінулай восенню герарх, які сам паходзіць з гэтага рэгіёну, ужо быў госцем парафіі ў біскупскім чыне

Друя2Да сустрэчы герарха рыхтаваліся не толькі вясковыя гаспадыні, адказныя за святочны пачастунак, але і парафіяльны хор: падчас Імшы выконваліся толькі беларускія літурічныя спевы аўтарства айчынных духоўных музыкаў. Напрыканцы, асабліва цёпла падзякаваўшы апранутаму ў любімыя біскупам вышыванкі “знакамітаму друйскаму хору”, герарх сам разам з пробашчам парафіі кс. Сяргеем Сурыновічам спяваў гімн беларускіх хрысціян – “Магутны Божа”.

Нячастыя прыезды біскупа ў маленькім мястэчку, дзе старыя па-ранейшаму расхвалявана цалуюць біскупскі пярсцёнак і ганарацца магчымасцю сказаць герарху некалькі словаў, – сапраўднае свята, якое ўрачыстым чаканнем пачынаецца задоўга да падзеі. Словы падзякі, кветкі, уручаныя напрыканцы Імшы падарункі – гэтыя “дробязі” стаюцца для тутэйшых людзей паданнем, якое будзе трываць яшчэ пэўны час. Гэтым разам друйскія каталікі мелі магчымасць не развітвацца з высокім госцем адразу пасля Святой Імшы, а яшчэ нагутарыцца з ім на плошчы ля касцёла – па сканчэнні богаслужбы біскуп Віцебскі асвячаў машыны месцічаў, што, па прапанове ксяндза пробашча, вітальна праразалі гучным сігналамі крытычную апоўдневую спёку.

Друя3Таксама шмат хто з мясцовых жыхароў прасіў герарха сфатаграфавацца разам з іх дзіцем – здымкі гэтыя зоймуць пачэснае месца ў інтэр’ерах простых людзей, трывалую веру якіх абыходзяць хвалі зняверання і адпрэчвання “старых” каштоўнасцяў.

Прамаўляючы гамілію, звернутую найперш да юных людзей, якія прынялі сакрамэнт бежмавання і, ёсць спадзеў, сталі ў гэтую хвіліну іншымі і лепшымі, біскуп Віцебскі казаў аб любові і даверы, тлумачачы падлеткам, што Дух Святы, якія зыйшоў на іх у сакральныя хвіліны, – гэта тыя ж самыя любоў і давер, якіх прагне і шукае кожны чалавек, незалежна ад узросту і досведу, і якія вынікаюць адно з аднога, а таксама з “дыскурсу любові” паміж Айцом і Сынам – дыскурсу, з якога не выключаны ніводны чалавек, які сапраўды шукае любові і даверу, застаючыся з Богам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі