Настаяцель Каложскай царквы: Якія творы Геніюш ведаюць на памяць нашыя дзеці?

БалоннікаўНастаяцель 800-гадовага праваслаўнага Барыса-Глебскага храма ў Гродне – славутай Каложскай царквы – протаіерэй Аляксандар Балоннікаў распавёў пра месца ў давераным яму прыходзе беларускай мовы, пра перспектывы рэстаўрацыі храма, а таксама пра неабходнасць шанавання вернікамі нацыянальнай культуры .

“Як толькі ў другой палове 80-х гадоў царква была перададзеная вернікам, як толькі пачалі здзяйсняцца набажэнствы, тут адразу пачалі гуртавацца людзі, якія вельмі любяць сваю Айчыну. І сёньня вакол Каложы аб’ядналіся людзі, якія любяць малітву па-беларуску. Кожную суботу і кожную першую нядзелю месяца мы служым Літургію па-беларуску. Калі вернікі звяртаюцца да нас, каб нейкая таямніца (хрост, шлюб) было здзейсненая па-беларуску, мы заўсёды з радасцю служым. Можна сказаць, што Каложа яднае людзей, якія хочуць маліцца па-беларуску”, – апавядае а. Аляксандр, паведамляе svaboda.org.

Гаворачы пра неабходнасць рэстаўрацыі царквы, падмурак якой, па сведчанні адмыслоўцаў, моцна падмываецца Нёманам, святар настойвае на хутчэйшай раэлізацыі гэтага праекта: “Пакінуць так, як ёсць, – гэта безадказнасьць перад Каложай і гісторыяй. Я быў у Сэрбіі, бачыў храмы таго ж перыяду, якія былі моцна пашкоджаныя ў час Другой сусветнай вайны. Яны адбудаваныя, у іх ідуць богаслужбы”. Святар кажа, што загрозлівых зрухаў берага не назіраецца – усяго 0,012 мм за год, згодна маніторынгу гродзенскіх геадэзістаў. Але цяпер для правядзення замераў запрошаныя адмыслоўцы з Мінска і Наваполацка.

У планах святара – магчымасць аднавіць Геніюшаўскія чытанні, які некалі ладзілі ў Каложскай царкве. У той жа час святар падкрэслівае, што традыцыя шанавання дзеячоў беларускай культуры павінная паходзіць найперш з сям’і: “У мяне тры дачкі. Колькі вершаў Ларысы Геніюш яны ведаюць на памяць, нягледзячы на тое, вывучаюцца тыя вершы ў школе ці не? Я іх вывучаў, калі быў студэнтам Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі. І творы Геніюш мне падабаюцца. Таму я і кажу сваім дзецям: «Паглядзіце, якія выдатныя вершы на беларускай нашай мове, як яна прыгожа гучыць, з якой любоўю паэтка піша пра кожны кавалачак беларускай зямлі». Давайце мы ўсе спытаем самі ў сябе: а якія творы Геніюш ведаюць нашыя дзеці?”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі