Святар БАПЦ: Нашае існаванне падштурхоўвае БПЦ да беларусізацыі

БАПЦСвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) а. Леанід Акаловіч, вядомы ўдзелам у шматлікіх грамадскіх падзеях,  25 жніўня заяўляе, што герархі Маскоўскага патрыярхата варожа ўспрымаюць БАПЦ.

Так, гаворачы пра прычыны адсутнасці у БАПЦ уласных храмаў, а. Акаловіч нагадаў, што адзін з першых храмаў у пасёлку Памежны ў Гродзенскай вобласці быў разбураны бульдозерам. Таксам ў вернікаў адабралі пад Мінскам храм Нараджэння Маці Божай у  Сёмкавым гарадку. “Храм адабралі, мяне аштрафавалі і колькі разоў цягалі ў Генеральную пракуратуру, інкрымінуючы незаконнае будаўніцтва”, – сказаў ён, паведамляе racyja.com.

Адзначаючы, што цяпер БАПЦ дзейнічае амаль падпольна, а. Леанід паведаміў пра спробы наладзіць адносіны з Беларускай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага патрыярхату. “Мы іх падштурхоўваем да беларусізацыі. Ужо само існаванне Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі іх вымушае ў пэўнай ступені перахопліваць гэтую ініцыятыву. Кожная нацыянальная дзяржава мае права на сваю нацыянальную царкву”, – сказаў ён, падкрэсліўшы, што нацыянальна арыентаваных святароў хапае і ў БПЦ МП.

За мяжой прыходы БАПЦ працуюць ў Нью-Йорку, Хайленд-Парку, Манчэстары, Таронта, Адэлаідзе і Мельбурне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі