Як хрысціяне жывуць у Кітаі? Інтэрв’ю кітайскага святара Krynica.info

ксёндз-300x171З Кітая прыходзіць шмат навінаў пра пераслед хрысціянаў. Улады краіны зносяць царкоўныя крыжы, арыштоўваюць вернікаў і канфіскуюць хрысціянскую літаратуру. Krynica.info здолела паразмаўляць з каталіцкім святаром з Кітая і даведацца, як жывуць хрысціяне ў краіне. Святар папрасіў не называць ягонага імя.

Krynica.info: Колькі хрысціянаў жыве ў Кітаі?

Святар: У краіне налічваецца каля 40 млн пратэстантаў. І іх лік расце вельмі хутка. Каталікоў жа каля 12 млн, уключаючы вернікаў Падпольнага і Адкрытага Касцёлаў.

Krynica.info: У якіх рэгіёнах у асноўным жывуць хрысціяне?

Святар: У асноўным на поўначы Кітая. На поўдні вельмі няшмат хрысціян. Самая ж вялікая група каталікоў жыве ў правінцыі Хэбэй на поўначы Кітая.

Krynica.info: Хрысціяне жывуць у асноўным у гарадах, мястэчках ці вёсках?

Сьвятар: У асноўным у вёсках. Вельмі няшмат хрысціян ў гарадах і мястэчках. Сёння многія людзі пераязджаюць з вёскі ў гарады і мястэчкі. І вёскі знікаюць кожны дзень. Таму і касцёлы таксама практычна знікаюць з-за міграцыі. Не зусім знікаюць, але мігруюць у гарады і мястэчкі. У некаторых вёсках касцёлы стаяць пустыя.

Кожны год у Кітаі да нас далучаюцца новыя члены. Напрыклад, у маёй парафіі каля 200 новых членаў, маладых і старых, кожны год. Кожны год у нас больш за 200 чалавек хрысцяцца або далучаюцца да парафіі.

Krynica.info: Ці моцна пацярпеў Каталіцкі Касцёл у Кітаі падчас “Культурнай рэвалюцыі”?

Святар: Так, вядома. Напрыклад, я быў ахрышчаны маім дзедам. У той час не было касцёлаў. Будынкі касцёлаў і ўсё, што належала Касцёлу, канфіскавалі ўлады. Улады не дазваляла людзям дэманстраваць сваю веру. Так мой дзед і яго сям’я малілася таемна, у сваім пакоі. Яны рабілі гэта ў ложку перад сном. Але яны навучылі мяне, як рабіць знак крыжа, як маліцца на ружанцы, “Ойча наш” ці “Вітай, Марыя!”. Мая вера прыйшла з сямейнага выхавання, бо касцёлаў не было ў той час. Мой дзед быў ксяндзом, і ён быў зняволены за гэта. Такім чынам Касцёл падтрымліваўся і працягваўся ў сем’ях з пакалення ў пакаленне.

Яшчэ сёння шматлікія сем’і моляцца разам кожны вечар ці кожную раніцу ў хаце.

кітай

Krynica.info: Вы згадалі Падпольны і Адкрыты Касцёл. Якая розніца паміж імі?

Святар: Розніца з’явілася па палітычных матывах. Так званы Падпольны Касцёл на самай справе не ў падполлі. Яны проста не згаджаюцца з правіламі і нормамі, усталяванымі ўрадам. Яны адмаўляюцца далучыцца да Патрыятычнай асацыяцыі. У маім рэгіёне мы не маем ні Падпольнага, ні Афіцыйнага Касцёлу, але маем Касцёл. Мы не належым да Патрыятычнай асацыяцыі, але мы павінны падпарадкоўвацца ўрадавым правілам.

Krynica.info: Якая галоўная мэта Патрыятычнай асацыяцыі?

Святар: Патрыятычная Асацыяцыя была створана ўладамі. Яны спрабавалі стварыць Касцёл ў кітайскім традыцыі з яго ўласнай місіяй, самаакупнасцю, самастойным забеспячэннем і самакіраваннем. Яны хацелі спыніць адносіны паміж Кітаем і Ватыканам. Паводле каталіцкай традыцыі, біскуп прызначаецца Папам Рымскім. Але наш урад змушае біскупа сказаць “не!” Ватыкану. І Патрыятычная Асацыяцыя высвячае біскупаў сярод каталіцкіх святароў у краіне.

Улады не прызначаюць біскупа. Ніхто яго не прызначае. Улады абіраюць свайго кандыдата з Патрыятычнай асацыяцыі. Але нават калі іншыя святары не будуць падтрымліваць яго, але ўладам ён падабаецца, улады будуць падтрымліваць яго. Яны прымусіць некаторых святароў прагаласаваць за яго як за кандыдата і прымусяць біскупаў высвяціць яго як біскупа. Можна сказаць, што Кітайская рада біскупаў прызначае яго. Але ў Каталіцкім Касцёле мясцовыя біскупы не маюць права прызначаць біскупа. Ён можа быць прызначаны толькі Папам. Вось чаму вельмі мала кітайскіх каталіцкіх свецкіх прызнаюць біскупаў, назначаных Радай біскупаў.

Але сёння, я думаю, каля 95% біскупаў прызнаныя Папам. Некаторыя з іх былі прызнаныя да высвячэння, некаторыя – пасля.

Krynica.info: Наколькі я ведаю, ёсць таксама біскупы, якія былі прызначаныя Папам, але не прызнаныя дзяржавай.

Святар: Так, ёсць некаторыя падпольныя біскупы, якія не прызнаюцца ўрадам. Некаторыя з іх знаходзяцца ў вязніцы, але ў некаторых выпадках урад не звяртае на іх увагі. Напрыклад, у маім рэгіёне ёсць біскуп, які не прызнаецца ўрадам, бо ўраду ён не падабаецца. Але Папа Бенедыкт прызначыў яго. І ён быў высвечаны недзе ў 2006 годзе. Я не ўпэўнены дакладна, бо высвячэнне было таемным. Улады накіравалі людзей, якія б шпіёнілі за ім кожны дзень на працягу 24 гадзін. Калі ён накіроўваецца кудысьці па пастырскай працы, улады дасылаюць паліцэйскіх, каб суправаджаць яго.

Krynica.info: Як вы бачыце будучыню Касцёла ў Кітаі?

Святар: Я рады бачыць, што Касцёл расце. Я магу сказаць, што сітуацыя становіцца ўсё лепш і лепш. І я спадзяюся, што ўрад дасць нам больш свабоды, каб працягнуць нашу працу. Напрыклад, у нас няма школ. Раней мы мелі ўніверсітэты, сярэднія школы, але цяпер у нас няма нічога. Улады канфіскавалі ўсе нашы школы, бальніцы. Мы спадзяемся, што ў будучыні мы зможам працягваць гэту працу і адчыняць школы, дзіцячыя садкі, бальніцы і дамы для састарэлых. Але пакуль урад не дазваляе. Гэта нялёгка.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі