Якія блізкаўсходнія Цэрквы знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з-за ІДІЛ?

isisНа Блізкім Усходзе знаходзіцца мноства Цэркваў, якія існуюць яшчэ з часоў апосталаў і якія знаходзяцца пад пагрозай гібелі ад рук Ісламскай Дзяржавы і іншых радыкальных ісламскіх груповак, якія атрымліваюць ўсё большы ўплыў у рэгіёне.

Ніжэй прыведзены спіс некаторых Цэркваў, апісаных у кнізе Джорджа Марліна «Пераслед хрысціян на Блізкім Усходзе» (Christian Persecutions in the Middle East).

    Сірыйская Праваслаўная Царква

Утварылася ў 451 годзе, калі сірыйскія хрысціяне не прынялі пастановы Халкідонскага сабора, які пастанавіў, што Ісус мае адначасова і боскую, і чалавечую прыроду, бо лічылі, што гэтыя дзве прыроды ў ім аб’яднаны.

Сірыйская Праваслаўная Царква называе апостала Паўла сваім першым біскупам.

У дадзены момант яна налічвае 5 млн вернікаў па ўсім свеце.

    Копцкая (Егіпецкая) Праваслаўная Царква

Заснавана ў 42 годзе нашай эры, калі апостал Марк прынёс хрысціянскае вучэнне ў Егіпет. Вучэнне манафізітаў, якія лічаць, што Ісус меў адзіную боскую прыроду, зарадзілася менавіта ў рамках гэтай Царквы. Падобныя ідэі прывялі да разрыву з іншымі праваслаўнымі і каталіцкімі цэрквамі падчас Халкідонскага сабора. Глава Царквы абіраецца біскупамі і павінен выконваць зарок бясшлюбнасці, устрымлівацца ад мяса і рыбы і быць старэйшыя за 50 гадоў. Пачынаючы ад уварвання арабаў у 640 годзе Копцкая Праваслаўная Царква з’яўляецца церпячай пераслед меншасцю.

    Ерусалімскі Праваслаўны Патрыярхат

Падчас Халкідонскага сабора было вырашана, што Ерусалім не павінен быць звычайнай епархіяй, што прывяло да стварэння асобнага патрыярхата. Горад быў квітнеючым цэнтрам хрысціянства да ўварвання арабаў у 637 годзе, у выніку чаго манастыры і цэрквы былі разбураны, а мясцовае насельніцтва было звернута ў іслам.

У 1099 годзе крыжакі прызначылі каталіцкага патрыярха, але ў 1187 годзе султан Саладын вярнуў горад пад ісламскае валадарства і патрыярх збег.

Праваслаўны патрыярхат быў адноўлены ў 1516 годзе, калі Атаманская імперыя захапіла Ерусалім.

З 2005 года Царква узначальваецца патрыярхам Феафілам III, паства якога налічвае 130000 чалавек.

    Мелькіцкая Грэка-Каталіцкая Царква

Першапачаткова яна была ўтворана хрысціянамі Александрыі, Антыёхіі і Сірыі, якія пагадзіліся з палажэннямі Халкідонскага сабора. Свае вытокі Царква таксама бярэ ў Антыяхійскай Царкве. Першапачаткова слова «мелькіт» (сір. кароль) выкарыстоўвалася для абазначэння блізкаўсходніх хрысціян, якія прынялі вучэнне аб прыродзе Хрыста, прынятае на Халкідонскім саборы.

Пасля Схізмы 1054 года праваслаўныя вернікі Антыёхіі шукалі яднання з Рымам і дасягнулі сваёй мэты ў 1729 годзе.

Царква ўзначальваецца патрыярхам, абраным біскупамі. Яго прызначэнне павінна быць адобрана Ватыканам. У цяперашні час Царква налічвае 1,2 мільёна вернікаў, вялікая частка якіх жыве ў Сірыі, Ліване, Іарданіі і Ізраілі.

    Халдэйская Каталіцкая Царква

Царква была заснавана паслядоўнікамі вучэння канстанцінопальскага патрыярха Нестара, якія пражываюць на тэрыторыі сучаснага Ірака.

Пасля разні, наладжанай татара-манголамі, царква кіравалася адной сям’ёй вернікаў, у коле якой тытул перадаваўся па спадчыне. Дадзеная практыка была аспрэчана абатам нестарыянскага манастыра Іаанам Сулакам, які ў 1551 годзе, пасля пасвячэння ў сан каталіцкага біскупа, прызначыў новага патрыярха, зацверджанага Папам Рымскім. Пазней Сулака, які атрымаў імя Сымона VIII, трапіў у палон да мусульманаў і быў забіты, пасля чаго Халдэйская Царква пагрузілася ў хаос.

У 1830 годзе Папа Пій VIII прывёў Халдэйскую Царква ў яднанне з Рымам і прызначыў новага патрыярха з рэзідэнцыяй у Масуле (Ірак). У цяперашні час 10 з 18 Халдэйскай дыяцэзій знаходзяцца ў Іраку. Пасля Другой сусветнай вайны патрыярх Царквы перамясціўся ў Багдад. Большая частка вернікаў складаецца з асірыйцаў.

Па матэрыялах Christian Post.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі