Створана ініцыятыўная група па святкаванні 500-годдзя беларускай Бібліі

 IMG_20150909_163814 У Мінску створана ініцыятыўная група па арганізацыі святкавання 500-годдзя Беларускай Бібліі ў 2017 годзе. Улетку 1517 года  беларускі асветнік і першадрукар Францыск Скарына выдаў перакладзеную на народную мову “Псалтыр”, што стала пачаткам эпохі культурнага і эканамічнага росквіту.

У першым пасяджэнні 9 верасня прынялі ўдзел навуковец і перакладчык Алесь Жлутка, тэлевядучы і гісторык Юрый Жыгімонт, рэктар Біблейскага каледжа ХВЕ Пётр Ашэйчык, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Хрысціянская дзелавая ініцыятыва” Георгій Дзмітрук, пастар і біблеіст Антоній Бокун, пісьменнік і журналіст Павел Севярынец, выдавец і грамадскі дзеяч Сяргей Карнюшка, музыка Аляксандр Віслаўскі і іншыя. У працы ініцыятыўнай групы таксама прыняў удзел і галоўны рэдактар ​​Krynica.info Анатоль Шырвель.

Удзельнікі паседжання  надзялілі паўнамоцтвамі старшыні Георгія Дзмітрука, паколькі ён першым выступіў з ідэяй арганізаваць самае шырокае святкаванне гэтай гістарычнай даты. “Гэта было найвялікшая падзея ў гісторыі Беларусі, наш народ атрымаў Біблію на зразумелай яму мове, стаў чытаць і ператвараць у жыццё Слова Божае. У нас пачалася Рэфармацыя, дасягненні якой называюць “Залатым векам” Беларусі. Я ўпэўнены, што беларусы, якія маюць такое вялікую і значную хрысціянскую спадчыну, не павінны пакінуць такую ​​слаўную дату па-за ўвагай”, – сказаў Георгій Дзмітрук падчас паседжання.

У бліжэйшых планах ініцыятыўнай групы перайсці да стварэння камітэта па святкаванні 500-годдзя беларускай Бібліі, да працы ў якім запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўнай і мясцовай улады, навуковых, адукацыйных, рэлігійных арганізацый, усе зацікаўленыя асобы. Адна з ідэй – звярнуцца да ўрада і грамадскасці з прапановай надаць 2017 году  статус года Бібліі ў Беларусі.

“Мы спадзяёмся, што гэтая ініцыятыва прыцягне ўвагу самага шырокага кола людзей і арганізацый нашай краіны і нават беларускай дыяспары, паколькі Скарынаўская Біблія з’яўляецца нашай агульнай спадчынай, нашай агульнай гісторыяй, гісторыяй хрысціянскай Беларусі, якая такой з’яўляецца ўжо больш за 1000 гадоў, і гэта выдатная платформа для аб’яднання прагрэсіўных сіл нашай краіны для добрай агульнай справы”, – падкрэсліў Дзмітрук.

Наступнае пасяджэнне ініцыятыўнай групы плануецца правесці 23 верасня. Прапановы па ўдзелу можна накіроўваць на электронную пошту bible.people.by@gmail.com.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі