У Мінску ля ГУМа лідары апазіцыі правялі пікет (фотарэпартаж)

statkievicz (33)У Мінску 10 верасня лідары апазіцыі правялі несанкцыянаваны пікет, які пачаўся каля 18:00 і завяршыўся каля сямі вечара. Пікет Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Анатоля Лябедзькі і некалькіх грамадскіх актывістаў праходзіў ля ГУМа з патрабаваннем свабодных і справядлівых выбараў.

Каля 18:40 Статкевіч заклікаў усіх разыходзіцца і большасць тых, хто сабраўся, адразу ж сышла, паведамляе БелаПАН.

Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька адзначылі, што ў Беларусі сітуацыя хутчэй зменіцца, калі больш людзей будзе прыходзіць на такія пікеты і менш людзей – на выбарчыя ўчасткі.

Анатоль Лябедзька параіў хадзіць на выбары ў якасці назіральніка, а не выбаршчыка, і фіксаваць парушэнні падчас кампаніі.

На пікет прыйшоўАлесь Міхалевіч, які вярнуўся некалькі дзён таму з эміграцыі . Ён заявіў, што не будзе ні за што агітаваць, а проста хоча паназіраць.

Уладзімір Някляеў заявіў прысутным, што толькі новая ўлада можа зрабіць Беларусь еўрапейскай і дэмакратычнай, а за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі Беларусь стала цалкам залежыць ад Расіі.

Мікалай Статкевіч заявіў, што ў бліжэйшыя тыдні будзе праводзіць публічныя акцыі, на якія будзе запрашаць Аляксандра Лукашэнку.

З нагоды магчымасцяў страйку на прадпрыемствах, Статкевіч сказаў, што гэта адбудзецца, калі людзі самі даспеюць, а “зверху ўплываць бессэнсоўна“.

«У нас адно патрабаванне – нармальныя выбары, а не спектакль», – заявіў Мікалай Статкевіч. Ён падзякаваў прысутным, што не спалохаліся і прыйшлі на акцыю.

На Мікалая Статкевіча, які арганізаваў несанкцыянаваны пікет за свабодныя выбары, складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пратакол склаў лейтэнант міліцыі – палітык аддаў яму пашпарт, каб не адцягвацца ад зносін з тымі людзьмi, што сабралiся.

Міліцыянт папярэдзіў, што акцыя не санкцыянаваная, параіў разыходзіцца і пайшоў.

Раней, да правядзення пікету Мікалая Статкевіча запрасілі ў ГУУС Мінгарвыканкама (днём 8 верасня) і афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у парушэнне дзейнага заканадаўства, а таксама здзяйснення якіх-небудзь іншых правапарушэнняў. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

За пікетам ля ГУМа назіраў дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, які ўваходзіць у склад папярэдняй назіральнай місіі ПАРЕ, а таксама іншыя міжнародныя назіральнікі, якія прыехалі ў Беларусь для маніторынгу перадвыбарчай кампаніі, перадае БЕЛТА.

Фота Paval Hadzinski, krynica.info

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі