Папа Францішак: Рэлігійны фундаменталізм аддаляе нас ад Бога


Рэлігійны фундаменталізм аддаляе нас ад Бога і перашкаджае нам наладжваць сувязі з іншымі людзьмі, заўважыў Папа Францішак падчас нядаўняга радыё-інтэрв’ю.

«Наш Бог заўсёды побач, фундаменталісты ж адводзяць свае думкі ад Яго і ператвараюць Яго ў ідэалогію. У імя такога ідэалагічнага бога яны забіваюць, руйнуюць, паклёпнічаюць. Фактычна, яны ператвараюць Бога ў ідал», – адзначыў пантыфік.

Ён таксама дадаў, што ў кожнай рэлігіі заўсёды знойдзецца група фундаменталістаў, знішчаючых у імя ідэі і ігнаруючых рэальнасць. А рэальнасць вышэй за ідэі, падкрэсліў Папа Рымскі.

Паводле яго слоў, фундаменталізм стварае бар’еры паміж людзьмі і «так немагчыма знайсці сяброў».

«Святар павінен выслухоўваць людзей, быць мостам», – заўважыў першасвятар, апелюючы да літаральнага перакладу словы “pontifex” – «мостабудаўнік».

Папа Францішак таксама дадаў у сваім інтэрв’ю, што людзі павінны быць «сябрамі тварэння», клапаціцца аб навакольным асяроддзі, а не быць яго «найгоршымі ворагамі».

Нельга таксама грэбаваць сяброўствам паміж людзьмі, выкарыстоўваць яго «ў карыслівых мэтах», адзначыў пантыфік. Згодна яго словам, падобнае «карыслівае сяброўства» «прычыняе боль».

Па матэрыялах CNA.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі