Бразільскі біскуп: СМІ стварылі ілжывы вобраз Папы Рымскага


Бразільскі біскуп Энрыке Суарэш ды Коста падвергнуў СМІ крытыцы, сцвярджаючы, што яны маніпулююць сваёй аўдыторыяй, няправільна тлумачачы праведзеныя Папам Рымскім рэформы працэсу анулявання шлюбу і асаблівыя паслабленні ў споведзі, зробленыя ім у гонар Юбілейнага года Міласэрнасці.

Абвяргаючы заявы бразільскіх СМІ пра тое, што Папа Францішак фактычна дазволіў развод, біскуп растлумачыў, што Касцёл не мае паўнамоцтваў скасоўваць шлюб, а можа толькі прызнаць факт таго, што шлюбу фактычна не было. Ён адзначыў, што Касцёл можа толькі прызнаць пры пэўных абставінах, «што шлюбу не было». «Шлюб, дзе ўсё ідзе як трэба, быў і будзе непарыўным», — падкрэсліў біскуп, дадаўшы, што «Папа не робіць нічога экстраардынарнага або супярэчлівага дактрыне Касцёла».

Біскуп Суарэш таксама падкрэсліў, што Папа Францішак зусім не абвясціў аборт не такім ужо і страшным грахом, у сваім лісце з нагоды Года Міласэрнасці ён толькі дазваляе кожнаму святару адпускаць грэх аборту, не раячыся з біскупамі сваіх дыяцэзій. «Аборт працягвае заставацца смяротным грахом, — адзначыў біскуп. — Пасланне Папы было прыгожым жэстам, які дэманструе тое, што Госпад заўсёды гатовы дараваць тым, хто каецца нават у гэтак цяжкім граху».

Таксама бразільскі герарх нагадаў, што Касцёл належыць Хрысту, а не Папе Рымскаму, хоць той і з’яўляецца яго галоўным абаронцам і сведкам веры разам з біскупамі.

Па матэрыялах Catholic News Agency.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі