Старшыня ЕХБ Круцько: Улаховіч хоча стаць прэзідэнтам і такі невук

 1019929_600

Старшыня Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі Віктар Круцько назваў кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча невукам ў пытаннях рэлігіі.

Біскуп Круцько не здзіўлены паклёпам з боку казака Улаховіча: «Мы ўжо праходзілі савецкую ўладу і паклёп. Таму мяне гэта не здзіўляе «. Аднак кіраўнік адной з пратэстанцкіх дэнамінацыяў Беларусі здзіўлены нізкім узроўнем інфармаванасці ў пытаннях рэлігіі кандыдата ў прэзідэнты. «Чалавек хоча стаць прэзідэнтам і такі невук у гэтых пытаннях, гэта мяне здзіўляе, гэта звычайнае невуцтва, — сказаў біскуп Саюза ЕХБ у інтэрв’ю « Радыё Свабода «. — Яму трэба было б сказаць наадварот, што баптысцкая рэлігія толькі здаровы лад жыцця, духоўны і фізічны, прапагандуе. І жывуць так баптысты ».

Кіраўніцтва Саюза ЕХБ у Беларусі плануе звязацца з Мікалаем Улаховіч, каб высветліць яго сапраўдную пазіцыю ў дачыненні да «баптысцкай накіраванасці». Віктар Круцько не выключае, што кандыдат у прэзідэнты сапраўды слаба ўяўляе прадмет размовы, «рос у якім дрымучым лесе і не ведае жыцця», альбо ён на самай справе праціўнік евангельскіх хрысціянаў. «Але мы праціўнікаў не баімся», — падкрэсліў біскуп.

Krynica.info паведамляла , што кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Улаховіч, які прадстаўляе Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускае казацтва», у выступе па беларускім тэлебачанні ў ходзе перадвыбарчай агітацыі 18 верасні дазволіў сабе рэзкае выказванне ў адрас «баптысцкай накіраванасці». Улаховіч сказаў, што не бачыць нічога дрэннага ў тым, што пасля знікнення кодэкса будаўнікоў камунізму многія пацягнуліся да рэлігіі. Але ён катэгарычна супраць, калі гэта «рэлігія, звязаная з баптысцкай скіраванасцю, дзе прапаведуецца шкода здароўю чалавека, ці яшчэ горш — з тэрарызмам».

Улічваючы, што не дасведчаныя ў пытаннях рэлігіі людзі ў прастамоўі да баптыстам адносяць ўсіх эвангельскіх хрысьціянаў, то можна весці гаворку аб рэзкім выказванні ў адрас уласна хрысціян-баптыстаў, а таксама хрысціян-пяцідзесятнікаў, хрысціян поўнага евангелля, хрысціян-адвентыстаў. Аднак усе гэтыя дэнамінацыі афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі і, акрамя рэлігійнай дзейнасці, займаюцца сацыяльнай працай, у тым ліку прапагандуючы здаровы лад жыцця, адмову ад ужывання алкаголю і тытунекурэння, праводзячы рэабілітацыю людзей, якія пакутуюць рознымі залежнасцямі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі