Біскуп Яшэўскі падчас асвячэння капліцы ў Горках: Каб не згасла свечка надзеі (фотарэпартаж)

MINOLTA DIGITAL CAMERAУ Горках (Магілёўская вобласць) 19 верасня адбылося асвячэнне парафіяльнай капліцы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай, урачыстыя святкаванні якой працягнуцца 20 верасня ў Бялынічах. Да святкаванняў далучыўся карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO.

Вітаючы падчас цырымоніі асвячэння нешматлікую пакуль што парафію і яе душпастыра кс. Андрэя Кеўліча, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB параўнаў плён працы вернікаў і святароў Магілёўскага дэканата (а да будаўніцтва капліцы парадамі, ідэямі і працай рук далучыліся практычна ўсе святары Магілёўшчыны) са свечкай з прыпавесці аб свечцы надзеі, якая не згасае насуперак незапатрабаванасці і пагарды сучаснага свету да веры і любові.

MINOLTA DIGITAL CAMERAГорацкія вернікі, – а сярод іх няма тых, хто проста прыйшоў на Святую Імшу ці на святкаванне, усе яны – частка жывой супольнасці, якая разам будуе, моліцца і адраджае традыцыю жыцця ў актыўнай веры (каталіцкай святыні ў Горках не было з 1866 года), – у гэты дзень прымалі шматлікіх гасцей. Святары з Магілёва, Касцюковічаў, Чавусаў, Шклова, Крычава прывезлі з сабой сваіх вернікаў, – колькі змясцілася ў асабісты транспарт. Шматлікія вернікі з іншых месцаў, якія цягам апошніх паўтарох гадоў суперажывалі каталіцкай супольнасці з Горак, якая з нічога будуе капліцу, таксама прыехалі ўшанаваць працу горацкіх вернікаў і святара.

MINOLTA DIGITAL CAMERAУ Горкі ў гэты дзень прыехала каталіцкая моладзь з Магілёва і арганістка мінскага касцёла святых Сымона і Алены Марыя Новікава, якая год таму напісала гімн горацкай парафіі. Адмыслова для музыкаў у перадапошні дзень, калі вернікі Магілёва і наваколляў ужо збіраліся на свята, у горацкай капліцы будавалі лесвіцу, што вядзе на хоры. Таму ў святочны дзень вернікі мелі ўсё, што маюць падчас вялікай падзеі сталічныя каталікі, – прафесійны спеў пад гукі аргана, шыхт святароў у святочных арнатах, валтузню шматлікіх дзяцей на каплічным ганку і пранікнёныя словы біскупа, які не пакінуў па-за сваёй увагай ніводнага з працаўнікоў, праца і талент якіх увасобіліся ў эксклюзіўных жырандолях і іншых дэталях каплічнага інтэре’ру.

MINOLTA DIGITAL CAMERAДобрым словам біскуп Яшэўскі і кс. Кеўліч ўзгадалі кожнага са святароў, якія прыходзілі на дапамогу цягам першых месяцаў два гады таму, калі парафія, у якую прыехаў служыць новы святар, мела мінімальны літургічны рыштунак і ўсё, у чым ёсць патрэба ў часе служэння Святой Імшы, нават табернакулюм, даводзілася збіраць па іншых парафіях. Таму падчас святочнага канцэрта дыпломы за спрыянне горацкай парафіі Маці Божай Бялыніцкай атрымалі не толькі найбольш адданыя справе парафіяльнага жыцця жыхары Горак, але і пробашчы з іншых гарадоў, якія супольнымі намаганнямі дапамагалі не згаснуць у Горках свечцы надзеі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі