Кандрусевіч заклікае маліцца ў інтэнцыі Сінода Біскупаў па справах сям’і

vatikaneМітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да беларускага каталіцкага духавенства, а таксама вернікаў, з пасланнем, у якім заклікае маліцца ў інтэнцыях Сінода Біскупаў на тэму крызісу сям’і, які Папа Францішак скліча ў Ватыкане ў кастрычніку. 27 верасня арцыпастырскае пасланне будзе агучанае на ўсіх касцёлах падчас нядзельных Святых Імшаў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадвае, што па ініцыятыве Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ружанцовая малітва цягам кастрычніка будзе ахвяраваная ў інтэнцыях Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». З гэтай нагоды на афіцыйным партале беларускай Каталіцкай Царквы будуць з’яўляцца рэгулярныя катэхезы на тэму сям’і і тэматычныя малітоўныя разважанні, паведамляе catholic.by.

“Усе мы добра ведаем, які крызіс перажывае сучасная сям’я. Дэвальвуецца само яе паняцце як Богам устаноўленага адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і ўзаемадапамогі, а таксама для працягу патомства і яго выхавання, – гаворыцца ў пасланні. –Найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, становіцца таварам, які можна купіць і прадаць. Амаральнае выкарыстанне дасягненняў навукі ў галіне генетыкі дазваляе ім маніпуляваць, аб чым добра сведчыць практыка штучнага апладнення”.

“Сацыяльна-культурны кантэкст сучаснасці, а менавіта антрапалагічныя змены ва ўспрыняцці Евангелля і вучэння Касцёла адносна сям’і, супярэчнасці сучаснай культуры, у якой усё больш дамінуюць секулярныя тэндэнцыі і адсутнасць прасямейнай палітыкі, негатыўна ўплываюць як на саму сям’ю, так і на выхаванне маладога пакалення”, – падкрэслівае герарх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі