Аляксандр Патліс прабег марафон у Маскве

img-17-1Спявак і музыкант Аляксандр Патліс прабег поўную дыстанцыю марафону ў Маскве і лічыць гэта асабістым дасягненнем. Прыхільнік здаровага ладу жыцця фінішаваў са сцягам у руках, на якім намалявана аблічча Хрыста ў цярновым вянку і напісана «Мой Бог не памёр».

Трэці Маскоўскі Міжнародны марафон праходзіў 20 верасня. У ім узялі ўдзел больш за 20 тыс. чалавек. Аляксандр Патліс выйшаў на поўную дыстанцыю 42,2 км разам з сябрамі. Апошнія 2 км марафону яны па чарзе неслі сцяг.

У інтэрв’ю Krynica.info хрысціянскі спявак паведаміў, што афіцыйны вынік можна лічыць групавым, паколькі сябры выйшлі на маршрут марафону менш падрыхтаванымі. «Даводзілася, каб не страціць тэмп, вяртацца і глядзець, як яны там, — распавёў Патліс. — У нейкі момант з’явіўся» спартыўны» азарт збегаць наперад і фінішаваць самастойна, потым вярнуцца і ўжо з сябрамі перасекчы лінію фінішу каля стадыёна» Лужнікі». Але я гэтай спакусе не паддаўся, пераадолеў эгаізм, беглі разам, разам і сцяг неслі, усё ў нас атрымалася «.

Змест надпісу на сцягу «Мой Бог не памёр» Патліс пракаментаваў так: «Хрыстос памёр за грахі ўсіх людзей, але потым уваскрос і зараз Ён жывы, гэта мы хацелі данесці сцягам, што наш Бог не мёртвы «.

Спявак-марафонец прабег дыстанцыю па яго падліках за 3 гадзіны 40 хвілін — «не дрэнна для першага разу». Аляксандр Патліс займаецца бегам з 1998 года, але сур’ёзна працаваць на вынік стаў апошнія 8 месяцаў. Кажа, хацеў бегчы 13 верасня полумарафон у Мінску, але не змог скарэктаваць працоўны графік і вырашыў прабегчы марафон у Маскве.

«Мяне здзівіла, што марафон беглі самыя розныя людзі, фінішавалі пасля поўнай дыстанцыі і многія, каму за 60, так што гэта і спорт, і здароўе, калі ўсё рабіць правільна», — рэзюмаваў спявак. Аднак былі і выпадкі сыходу з дыстанцыі, было даволі горача і многія моцна стамляліся ад абязводжвання і нават атрымлівалі сонечны ўдар. На пытанне карэспандэнта Krynica.info, што цяжэй — даваць канцэрты ці бегчы марафон, Патліс адказаў, што ў гэтым забегу ён асабліва і не стаміўся, на наступны дзень прайшоў пешшу 12 км, праз два дні прабег 6 км, потым яшчэ 8 км: » У маіх планах падтрымліваць форму, прабягаць у тыдзень 50 км «.

Фота з архіву Аляксандра Патліса і ТАСС .

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі