Ізраільскі ўрад пакрые страты касцёлу ў Табсе

«Падобная змена курсу выглядае дзіўна, але гэты крок вельмі важны для нас. Больш за тое, калі якое рашэнне і можна назваць несправядлівым, то толькі не гэта, бо яно аднаўляе правы і бяспеку хрысціянскай абшчыны», – заявіў Джачынта-Булас Маркуцца, Патрыяршы вікарый Ерусаліма, каментуючы рашэнне ізраільскіх уладаў пакрыць каталікам шкоду ад падпалу храма Памнажэння хлябоў і рыб у горадзе Табха ў ліпені мінулага года.

На мінулым тыдні ізраільскае падатковае ведамства вырашыла вылучыць прыблізна 1,8 млн долараў кампенсацыі за шкоду ад «гвалту на рэлігійнай глебе».

За апошнія гады нападам падвергнуліся ўжо некалькі каталіцкіх, грэка-каталіцкіх і мусульманскіх храмаў і святынь, якія ізраільскія экстрэмісты назвалі «цаной» за «захоп іх зямлі».

Яго Эксцэленцыя Маркуцца лічыць, што на гэтым праблемы хрысціян на Святой Зямлі не скончацца, сцвярджаючы, што акты вандалізму, праблема фінансавання каталіцкіх школ і іншыя інцыдэнты сведчаць аб новым, негатыўным, стаўленні да хрысціян.

У дачыненні да крызісу фінансавання хрысціянскіх школ прэлат адзначыў пазітыўныя зрухі: «Яшчэ занадта рана ўдавацца ў дэталі, але некаторае разуменне было дасягнута. 24 верасня паміж прадстаўнікамі каталіцкай абшчыны і Міністэрства адукацыі павінна быць падпісана пагадненне аб умовах спынення забастоўкі і аднаўлення навучальнага працэсу. Таксама будзе створаны камітэт, які складаецца з прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, чыноўнікаў з міністэрства і юрыстаў, праца якога будзе накіравана на вырашэнне супярэчнасцяў паміж Касцёлам і ізраільскімі ўладамі».

Па матэрыялах Asia News.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі