Ізраільскія археолагі сцвярджаюць, што знайшлі легендарную грабніцу Макавеяў

Ізраільскія археолагі могуць на крок наблiзiцца да разгадкі таямніцы, якая раздзірала даследчыкаў больш за стагоддзе: месцазнаходжання легендарнай грабніцы Макавеяў.

Ізраільскае Упраўленне старажытнасцяў заявіла 21 верасня, што старажытнае збудаванне, якое знаходзіцца непадалёк ад адной з трас, раскопкі якога пачаліся ў гэтым месяцы, падыходзіць пад старажытныя апісанні магілы юдэйскіх паўстанцаў, яікя вырвалі Юдэю з-пад валадарства дынастыі Селеўкідаў і заснавалі Юдэйскае царства ў II стагоддзі да нашай эры.

Ізраільскія акадэмікі сышліся ў меркаванні наконт таго, што знаходка з’яўляецца важным пахаваннем, але пакуль няма аднадушнай думкі пра тое, што ў грабніцы пахаваныя менавіта Макавеі.

Само месца было выяўлена французскім даследчыкам Шарлем Клермон-Ганно ў канцы XIX стагоддзя, аднак толькі ў верасні гэтага года ізраільскія археолагі расчысцілі завал і зноў адчынілі свету апісаны яшчэ Клермон-Ганно мазаічны візантыйскі крыж.

Як сцвярджае кіраўнік экспедыцыі, гэта адзіная пабудова той эпохі, дзе крыж упрыгожвае падлогу пахавальнай залы, што азначае, што ім пазначана месца пахавання важнай фігуры. Ён лічыць, што візантыйцы, раннія хрысціяне, лічылі гэта месца магілай Макавеяў.

Па сцвярджэнні Арена Тала, археолага з універсітэта Тэль-Авіва, мазаічны крыж таксама можа быць толькі прыкметай таго, што ў свой час грабніца была пераабсталяваная пад капліцу, абавязковым элементам якой з’яўляецца крыж. Аднак ён сыходзіцца ў меркаванні, што дадзеная пабудова адпавядае біблейскаму апісанню грабніцы як будынку, бачнага з мора, з калонамі і сям’ю пірамідамі.

Па сцвярджэннях археолагаў, масіўныя падмуркі калон сведчаць аб тым, што першапачаткова вышыня будынка складала 5 метраў, а буйныя кавалкі скал, апісаныя Клермон-Ганно, маглі быць падмуркамі пірамідальных упрыгожванняў. Да таго, як у гэтай мясцовасці быў высаджаны лес, яна праглядалася з мора.

Пакуль навукоўцы датуюць пабудову перыядам не раней V стагоддзя нашай эры. Для больш дакладнага вызначэння ім трэба знайсці надпісы на элементах пабудовы.

Па матэрыялах Fox News.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі