Парафія БАПЦ у Мінску перадумала падаваць дакументы на рэгістрацыю

бапцМінская парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы перадумала падаваць дакументы на сваю рэгістрацыю, заявіў святар Леанід Акаловіч. Дакументы на рэгістрацыю планавалася падаць у гэтым годзе, але пасля адмовы ва ўездзе ў Беларусь зверхніка БАПЦ архіепіскапа Святаслава (Логіна) было вырашана ад падачы адмовіцца, бо “яна не мае сэнсу”.

Святар падкрэсліў, што архіепіскап прыязджаў у Беларусь кожны год без аніякіх праблемаў. У сваю чаргу ў Дзяржаўным памежным камітэце заявілі, што забарона на ўезд выдадзеная на неакрэслены перыяд, перадае Forum18.

Апошні раз мінскай парафіі БАПЦ адмовілі ў рэгістрацыі ў 2011 годзе. Сярод прычын адмовы – негатыўная ацэнка будынку парафіі з боку санітарна-эпідэміялагічнай службы і неабходнасць вывучэння вучэння і рэлігійных практык Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. І гэта пры тым, што каталіцкія, лютэранскія, юдэйскія, стараабрадніцкія і іншыя рэлігійныя супольнасці, якія аддзяляюцца ад іншых, але падзяляюць тую ж веру і падобныя назвы, рэгіструюцца без праблем.

Святар Беларускай Праваслаўнай Царквы Аляксандр Шрамко звязвае гэта з тым, што БПЦ з 2003 года мае выключнае права на ўжыванне спалучэння “Праваслаўная Царква” ў Беларусі.

Як паведамляла krynica.info, архіепіскап, які служыць у Амерыцы, ехаў у Беларусь па запрашэнні беларускіх вернікаў БАПЦ праз Чарнігаў (Украіна), дзе жыве ягоная маці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі