Пытанні кандыдату: Таццяна Караткевіч пра выбары, аборты і погляды на сям’ю
Падыходзіць да завяршэння прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі. У страі засталіся чатыры кандыдаты. Адна з іх – першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдат, прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч. Журналісты Krynica.info вырашылі распытаць яе аб тым, пра што не пытаюцца іншыя СМІ: пра веру, пра стаўленне да абортаў, погляды на сям’ю, сэксменшасці і пра многае іншае.
Krynica.info: Паважаная Таццяна, чаму вы пайшлі на гэтыя выбары? Ці жаночая гэта справа – кіраваць краінай?
Таццяна Караткевіч: Я ўдзельнічаю ў выбарах, таму што краіне патрэбныя перамены. Сёння грамадства да іх гатовае, гатовыя многія ва ўладзе, не гатовы толькі адзін чалавек – Лукашэнка. І таму няма палітычнай волі ва ўсёй уладнай сістэмы. Я іду, каб даць імпульс пераменам. Гэта сёння і жаночая, і мужчынская справа. Перамены ў Беларусі – гэта сёння агульная справа.
Krynica.info: Ці не замала ў вас вопыту і ведаў, каб працаваць на пасадзе прэзідэнта?
Таццяна Караткевіч: Увесь мой жыццёвы вопыт быў звязаны з тым, каб слухаць і чуць людзей, рабіць так, каб людзі з рознымі поглядамі ўмелі дамаўляцца. Мне падабаюцца словы Генры Форда: «Я не ўяўляю, як рабіць аўтамабілі. Затое я ведаю, як кіраваць людзьмі, якія ўмеюць рабіць аўтамабілі». Я не буду сама і бульбу перабіраць, і заводам кіраваць, і нацыянальным банкам, сваю ролю я бачу ў тым, каб даць палітычную волю прафесіяналам і пачаць перамены ў краіне.
Krynica.info: Ёсць меркаванне, што і гэтыя выбары будуць фальсіфікаваныя і пераможца загадзя вядомы. Тады на што вы спадзяецеся? Навошта ўся гэтая кампанія?
Таццяна Караткевіч: Я за час кампаніі аб’ехала ўсю Беларусь і ўпэўненая: тых, хто выступае за перамены большасць. Але яны не ведаюць, не вераць, што іх большасць. Супраць гэтага працуе ўвесь дзяржапарат, уся прапаганда. Калі ўсе тыя, хто сёння верыць, што перамены патрэбныя, прыйдуць і прагаласуюць, улада больш не зможа рабіць выгляд, што ў краіне ўсё добра і рабіць нічога не трэба.
Krynica.info: Ці верыце вы ў Бога і як даўно прытрымліваецеся сваіх перакананняў? Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць, калі вы чуеце слова “Бог”, “вернікі”, царква, хрысціянства?
Таццяна Караткевіч: У Бога веру, але лічу гэта справу вельмі асабістай. Я за свецкую дзяржаву і за тое, каб Царква была ад яе аддзеленая. Для мяне галоўнае ў хрысціянстве – гэта міласэрнасць і ўменне дараваць.
Krynica.info: Як вы лічыце, наколькі сёння ў Беларусі рэалізаваны свабода сумлення і свабода веравызнання? Як бы вы ахарактарызавалі адносіны ўлады і канфесій?
Таццяна Караткевіч: Мне здаецца, што ў цэлым у нас у краіне ўсё нармальна. У людзей розных рэлігій ёсць свае храмы, ёсць магчымасць хадзіць туды. Вядома, ёсць перакосы, улада, відавочна, выкарыстоўвае Праваслаўную Царкву, каб захоўваць ўплыў над грамадствам. Так нельга, дзяржава павінна быць роўнападаленай ад усіх рэлігій.
Krynica.info: І што можа змяніцца ў гэтай сферы, калі выйграеце вы выбары?
Таццяна Караткевіч: Я не буду падлашчвацца да розных канфесій. Кожны можа будаваць свой храм і абвяшчаць у рамках закона. Пры гэтым дзяржава павінна засцерагаць грамадзян ад сект, якія калечаць людзей і ламаюць ім жыцці.
Krynica.info: Адчувальная тэма – права жанчыны на аборт і права лекара адмаўляцца ад аборту па сваіх перакананнях. Што вы думаеце з гэтай нагоды?
Таццяна Караткевіч: Мы павінны весці пастаянную прапаганду сям’і, тлумачыць, чаму рабіць аборт не варта. Тут важна ісці не метадам забаронаў. Татальная забарона абортаў прывядзе да таго, што жанчыны будуць гэта рабіць па-за клінік, рызыкаваць сваім здароўем і жыццямі. Мы пойдзем шляхам тлумачэння, чаму аборт рабіць не варта, будзем казаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. І яшчэ, жанчына павінна ведаць, нават калі становішча складанае: нараджай і дзяржава заўсёды табе дапаможа, зможаш пракарміць і апрануць дзіця, даць адукацыю.
Krynica.info: У свеце вядзецца дыскусія адносна інстытута сям’і. Кажуць аб яго крызісе, і што сям’я ўжо не тая і не вырашае задачы, якія стаяць перад ёй. Як вы лічыце, ці мае традыцыйная сям’я будучыню?
Таццяна Караткевіч: Альтэрнатывы сям’і няма. Крызіс бачаць тыя, каму не падабаецца, як у цэлым змяняецца грамадства. Я не бачу такога крызісу, пра які гавораць.
Krynica.info: Ці павінна захоўвацца за сям’ёй прэвентыўнае права на выхаванне дзяцей? Як вы ставіцеся да ювенальнай юстыцыі?
Таццяна Караткевіч: Важна, каб на абароне правоў дзіцяці стаяў закон, але галоўная задача закона і органаў апекі – аднаўляць мір у сем’ях, умацоўваць іх, дапамагаць вырашаць складаныя пытанні. А сёння часта ідуць па “самым простым” шляху – забраць дзіця. Не даць шанец, магчымасць. Мяне ўзрушыла гісторыя, якая нядаўна адбылася ў Бабруйску, дзе ў жанчыны забралі дзяцей. Так нельга. Разумееце, у такіх справах кожны раз патрэбен індывідуальны падыход. Не бяздумнае прытрымліванне закону. Галоўнае шчасце дзяцей, а па-сапраўднаму шчаслівымі дзеці могуць быць толькі ў здаровай сям’і.
Krynica.info: Саюзы людзей нетрадыцыйнай арыентацыі. Расце рух за легалізацыю аднаполых саюзаў, за права афіцыйна рэгістраваць такія саюзы і права называць сям’ёй з двух мужчын або двух жанчын – як вы ставіцеся да гэтай з’явы? Ці магчыма ў Беларусі рух у гэтым напрамку і калі?
Таццяна Караткевіч: Гэта павінен вырашаць парламент, і грамадства да такога павінна быць гатова. Пакуль што мы далёкія ад такога стану. Сёння перад намі стаіць вялікая колькасць праблем і гэтая, відавочна, далёка не першая.
Krynica.info: Вы неяк сказалі, што з’яўляецеся феміністкай, што вы ўкладваеце ў гэта паняцце?
Таццяна Караткевіч: Для мяне гэта, па-першае, пытанне роўнасці мужчын і жанчын, роўнай аплаты працы, роўных магчымасцяў. Па-другое, пытанне ўзаемнай павагі. Каб яно не проста прачыналася раз у годзе – 8 сакавіка, а было пастаянным, выхоўвалася і школай і сям’ёй. Па-трэцяе, няма ніякай спецыфікі жаночага і мужчынскага ў жыцці грамадства – ні ў палітыцы, ні ў бізнэсе. Мы роўныя.
Krynica.info: Якія ролі ў сучасным грамадстве павінны гуляць мужчыны і жанчыны, ці ў праве мужчыны сёння прэтэндаваць на вядучыя пазіцыі ў жыцці, быць кіраўніком сям’і, галоўнымі ў палітыцы і бізнэсе?
Таццяна Караткевіч: Мужчыны павінны быць мужчынамі, а жанчыны жанчынамі. У сям’і, як і ў дзяржаве ўсё павінна вырашацца на падставе дагавора, з улікам розных пазіцый і ўзаемапавагі. Трэба быць гатовымі да кампрамісу і разумець уменне чуць, згаджацца, прымаць іншага – гэта аснова ўпэўненай будучыні.
Krynica.info: І як такія перакананні дапамагаюць вам у жыцці?
Таццяна Караткевіч: Дзякуючы гэтаму я магу размаўляць спакойна з тымі, хто са мной не згодны. Знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі. Замест агрэсіі будаваць давер і разуменне.
Гутарыў Анатоль Шырвель, фота Paval Hadzinski
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Выйшла кніга пра біблійны канон у хрысціянскіх канфесіях 20.05.2022 16:15
- У Жыровічах праходзяць урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай 20.05.2022 15:00
- Пінскай епархіяй будзе часова кіраваць архіепіскап Брэсцкі 19.05.2022 19:20
- Гродзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода 19.05.2022 14:52
- У Нігерыі мусульмане забілі камянямі студэнтку-хрысціянку па абвінавачванні ў богахуленні 19.05.2022 14:08
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)