Беларускія палітыкі: Выбары без выбару — навошта ісці?

байкотМногія вядомыя палітычныя дзеячы напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі заявілі пра свой намер адмовіцца ад удзелу ў палітычным дзействе. Карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO звярнуўся па тлумачэнні прычын няўдзелу ў выбарчай кампаніі да сустаршыні арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева і намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ Юрыя Беленькага.

«Выбараў у Беларусі няма. А як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма?» — задае рытарычнае пытанне сустаршыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

«Раз на некалькі гадоў у нас арганізоўваецца спектакль, сцэна для якога — уся краіна. Мэта спектаклю — пераканаць частку народа і, калі гэта ўдасца, кагосьці з замежных чыноўнікаў, што ў нас законна выбранае дэмакратычнае кіраўніцтва», — дадае палітык.

«Але роўных умоваў для агітацыі няма. Палітычных супраціўнікаў кідаюць у турмы. Апазіцыянераў у выбарчых камісіях — 0,01%. 25-40% людзей пад прымусам гоняць галасаваць датэрмінова. Назіральнікам забаронена падыходзіць да стала падліку і нават карыстацца біноклямі. У пратаколах пішуць лічбы, спушчаныя з Адміністрацыі.

Што ж рабіць? Прынамсі — не ўдзельнічаць у злачынстве. Калі Бог даў смеласці – то ўскрыць падман ды апублікаваць факты», — мяркуе Павал Севярынец.

«Як выганяюць студэнтаў і дзяржслужачых на датэрміновае. Як у ноч з суботы на нядзелю падмяняюць бюлетэні ў скрынях. Як і дзе паляць сапраўдныя бюлетэні (бывае, кацельную на раёне пасля “выбараў” гадзінамі  паперай  топяць). Бог дасць нам  уладу ў Беларусі толькі тады, калі мы самі будзем гатовыя не заплюшчваць вочы на зло і браць адказнасць за ўсю краіну», — рэзюмаваў сустаршыня аргкамітэта.

Блізкае па змесце меркаванне выказаў намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.

«Звернемся для пачатку да вызначэння самога паняцця «выбары». Гэта з’ява, пад якой разумеецца выбар чалавека, нададзенага пэўным наборам якасцяў, на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэта павінна быць асоба, годная займаць прэзідэнцкае крэсла. Аднак апошнія гады паказалі нам, што ў Беларусі няма выбараў праз галасаванне. Не мае значэння тое, колькі галасоў пададзена за таго ці іншага кандыдата. Мае значэнне тое, што потым напішуць у пратаколах», — выказвае меркаванне Юрась Беленькі.

«Тым больш, што спадар Лукашэнка не раз сам заяўляў пра тое, што выбары былі сфальсіфікаваныя, і што менавіта ён даў указанне пазначыць тую ці іншую лічбу. Пасля такіх заяў мы звярталіся ў пракуратуру з просьбай адрэагаваць. Аднак справе не быў дадзены ход. Тут усё відавочна. Сумленны чалавек не можа мірыцца з тым, што з’яўляецца падманам, парушэннем Канстытуцыі і патаптаннем маральнасці», — падкрэсліў намеснік старшыні партыі.

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў у сваю чаргу адзначыў, што ён прыняў рашэнне не ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі кіраўніка дзяржавы «па той відавочнай і даказанай практыкай усіх папярэдніх выбараў прычыне, што любы чалавек, які прыходзіць на выбарчы ўчастак у дзень галасавання, прыходзіць туды толькі для таго, каб яго голас быў залічаны ў падтрымку аднаго адзінага чалавека — Аляксандра Лукашэнкі».

«І на гэты раз нічога не змянілася ў заканадаўстве аб выбарах, нічога не змянілася таксама ў прынцыпах выбарчай кампаніі, а значыць, застаецца нязменным і сам гэты падыход. Голас любога чалавека, які прыйшоў на выбарчы ўчастак, усё роўна будзе залічаны за Аляксандра Лукашэнку», — перакананы палітык.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі