Сінод Біскупаў: У часы ганенняў на Царкву сям’я захавала грамадства, – сёння грамадства павiннае захаваць сям’ю

сінод1Распачаты ў Ватыкане 4 кастрычніка Сінод каталіцкіх біскупаў, прысвечаны праблематыцы сусветнага крызісу сям’і, 6 кастрычніка перайшоў у фармат працы ў лінгвістычных групах. Напярэдадні былі заслуханы выступленні бiскупаў па праблематыцы першай з трох тэматычных частак Сінода – аб выкліках, якія стаяць перад сучаснай сям’ёй.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч увайшоў у склад адной з англамоўных лінгвістычных групаў. Таксама працуюць групы на французскай, iтальянскай, іспанска-партугальскай і нямецкай мовах. У кожную групу прыкладна ўваходзяць 20 бiскупаў, 1-2 эксперты, 5 аўдытараў, 1-2 дэлегаты брацкiх хрысцiянскiх Цэркваў i супольнасцяў. Мадэратарам групы, у якой працуе арцыбіскуп Кандрусевіч, быў абраны арцыбiскуп лонданскага Вэстмiнстэра кардынал Нікалс, паведамляе catholic.by.

Напярэдадні сваё бачанне пераадолення крызіса сям’і агучылі біскупы з розных краінаў свету. “У часы ганенняў на Царкву сям’я захавала грамадства, – сёння ж грамадства павiннае дапамагчы захаваць сям’ю, – лічаць шматлікія ўдзельнікі Сінода. – Для гэтага і неабходна захаваць традыцыйную дактрыну аб сям’і”.

синодАдной з тэмай дыскусіі стала пытанне пра пастырскае рашэнне для сем’яў, якiя знаходзяцца ў цяжкім становішчы i не могуць прымаць удзелу ў сакрамэнтальным жыццi, але павінныя застацца чальцамі Касцёла i атрымліваць адэкватную пастырскую апеку.

Арцыбіскуп кандрусевіч распавядае, што, на думку шматлікіх удзельнікаў Сінода, вельмі важную ролю ў выратаванні духоўнага абліча свету граюць сем’і, якiя “супрацiўляюцца секулярнай палiтыцы i плывуць супраць цячэння, жывуць паводле духу Евангелля”, і таму Каталіцкая Царква павiнная з надзеяй глядзець у будучыню. Але для гэтага “патрэбная новая пастырская мова, якая будзе зразумелая для сучаснага чалавека, асаблiва для моладзi”. Важным складнікам гэтай мовы частцы каталіцкіх герархаў падаецца “матэрыяльная i духоўная апека над сем’ямi мiгрантаў”.

Папа Францішак, адкрываючы 5 кастрычніка першую кангрэгацыю Сінода, нагадаў яго ўдзельнікам, што Сiнод – гэта не парламент, але праяўленне жыцця Каталіцкай Царквы, якая iдзе разам, каб вачыма веры i сэрцам Бога чытаць рэальнасць. Кардынал, якi ў гэты дзень кiраваў працай Сiнода, запэўніў пантыфіка, што, нягледзячы на рознiцу ў падыходах да праблемы сям’i, бiскупы не будуць выкарыстоўваць час Сiнода як барацьбу, у якой мiкрафоны i камеры будуць арбiтрамi.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі