Назіральнікі «Права выбару» за першы дзень падалі 54 скаргі

наблюдатели6 кастрычніка, у першы дзень датэрміновага галасавання па выбарах прэзыдэнта Беларусі 1344 актывісты грамадскай кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару-2015» ахапілі 672 выбарчыя ўчасткі, паведамляецца на сайце кампаніі.

Паводле дадзеных назіральнікаў, яўка на выбарчых участках склала ад 0,3% да 23,2%.

Наперад выбiўся выбарчы ўчастак № 21 у Слуцку, дзе у першы дзень прагаласаваў 141 чалавек з 607 (23,2%). Найменш людзей было зафіксавана ў Барысаве на выбарчым участку № 27 — 3 , перадае Радыё Свабода.

На некаторых участках лічбы iстотна разыходзяцца з афiцыйнымi. Так, на выбарчым участку № 67 у Берэсцi паводле падліку назіральнікаў, прагаласавалі 83 чалавекі, а па дадзеных камісіі — 183, у Магілёве на выбарчым участку № 5 – 35 i 115 адпаведна, у Мiнску на выбарчым участку № 58 – 386 і 443.

У справаздачы назіральнікаў адзначаецца, што ў 276 выпадках камісіі адмовіліся апячатваць памяшканні, дзе застаюцца на ноч скрыні для галасавання.

6 кастрычніка назіральнікі кампаніі «Права выбару-2015» падалі 54 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства. Так, яны зафіксавалі прымусовае галасаванне на шэрагу выбарчых участкаў, дзе знаходзяцца навучальныя ўстановы, інтэрнаты.

Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару-2015» Алесь Сілкоў лічыць, што ўжо ў першы дзень датэрміновага галасавання некаторыя камісіі паставілі крыж на свабодных, сумленных і адкрытых выбарах.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі