Пытанні кандыдату. Мікалай Улаховіч пра капіталізм, «гейства» і баптыстаў
Krynica.info прадстаўляе апошняе інтэрв’ю з цыклу гутарак з кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі. На чарзе – старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Мікалай Улаховіч.
Krynica.info: З якой мэтай Вы ўдзельнічаеце ў кампаніі? Ці верыце Вы ў сваю перамогу і ці зможаце быць прэзідэнтам лепшым за Аляксандра Лукашэнку?
Мікалай Улаховіч: Я ўжо перамог. Мне было важна, каб людзі ўбачылі Беларускую патрыятычную партыю і грамадскае аб’яднанне «Беларускае казацтва». Што ёсць іншыя сілы, не нацпатрыёты. Я лічу, што ў нас апазіцыі няма, бо канструктыўнага лідара апазіцыі не выпрацавалі. А «Ганьба! Ганьба!», «Дрэнны Лукашэнкі» – гэта мы чуем ужо 20 гадоў. Таму я і пайшоў у прэзідэнты.
Мая палітыка вельмі простая. Я не супраць будаваць моцную квітнеючую Беларусь, але ў той жа час я хачу ведаць, якая яна будзе: сацыялістычная або капіталістычная. Я за рынкавы капіталізм. Наогул варта забыцца на сацыялістычныя метады эканамічнага кіравання. Ужо шмат разоў спрабавалі іх вярнуць, але нічога годнага не зрабілі. І Швецыя тут не прычым. Няма чаго называць шведскую сістэму сацыялістычнай. Нічога там падобнага не было. Толькі знешнія формы.
Krynica.info: У сваіх выступах Вы неаднаразова казалі аб праваслаўі. Што для Вас значыць вера? Як часта Вы бываеце ў храме?
Мікалай Улаховіч: Мне вельмі спадабаўся выраз аднаго з нашых вядомых яшчэ савецкіх, а потым ужо агульнанацыянальных артыстаў Хазанава. Яго спыталі, што ён, напэўна, вельмі веруючы, калі наведвае сінагогу. І ён адказаў: «Я сапраўды наведваю сінагогу, але не так часта, як вы думаеце, бо я не хачу здавацца акцёрам у храме». І я не хачу быць артыстам у храме.
Сёння многія веру прымаюць як моду, дзякуючы гэтаму павялічылася колькасць вернікаў. А я не моднічаю. Я калі веру, то веру. Колькі разоў я бываю ў храме не гэтак важна. Галоўнае, што я ў душы нясу веру. А статут супольнасці нашай казацкай проста патрабуе, што ў нас вера праваслаўная афіцыйнай Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Krynica.info: Наколькі мне вядома, Вы асабіста сустракаліся з Патрыярхам Кірылам.
Мікалай Улаховіч: Тройчы прычым.
Krynica.info: А ці не маглі б Вы сказаць, пра што Вы размаўлялі?
Мікалай Улаховіч: Мы з ім размаўлялі чыста па-дзелавому і толькі аб беларускім казацтве: адкуль яно ўзялося, як існуе. Дзякуючы гэтым гутаркам ў нас пры Беларускай Праваслаўнай Царкве з’явіўся аддзел па працы з казацтвам.
Krynica.info: У чым заключаецца казацтва сёння? Якія яго мэты?
Мікалай Улаховіч: Мэты агульнанацыянальныя. Гэта адзін з культурна-сацыяльных слаёў насельніцтва. Наогул, казацтва – гэта саслоўе, якое служыла манарху і было цалкам знішчана камунізмам. Ідзе адраджэнне казацтва. Асновы – сямейная пабудова, служэнне Радзіме. Казак – гэта адданы ўладару і дзяржаве чалавек. У дадзенай сітуацыі слова «ўладар» можна замяніць на “ўлада”.
Krynica.info: Якое Ваша стаўленне да ўдзелу казакоў, у тым ліку і беларускіх, у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны?
Мікалай Улаховіч: Я катэгарычна забараніў удзельнічаць людзям, якія збіраліся ўжо ісці. Для мяне што ДНР-ЛНР, што АТА – не існуюць. Наша грамадства створана на падставе статута, які зацверджаны міністэрствам юстыцыі Беларусі. Мы людзі дзяржавы, а наша дзяржава – Беларусь. Ніхто з нашых людзей не павінен ваяваць. Я гэта сказаў і спадару Севярынцу, які да мяне ледзь не з кулакамі кінуўся: «Давай Чаркашына хаваць. Ён нацыянальны герой». Я кажу – я яго ва Украіну не пасылаў. Я ні аднаго беларускага казака туды не пашлю. А стаў бы прэзідэнтам, ні аднаго б беларускага хлопца туды не паслаў бы ні ва Украіну, ні ў ДНР. Хоць у нас стратэгічным партнёрам з’яўляецца Расія.
Я катэгарычна супраць вайны. І мне не важна, як там паўстаў канфлікт і з-за чаго. Усё гэта надуманае. І не веру я, што нельга гэта было ўсё дыпламатычным шляхам вырашыць. Я лічу, што Пуціна падставілі. Тыя, якія там крычалі, махалі. Дзе яны зараз? Іх няма, яны за кулісамі, а народ пакутуе.
Krynica.info: Многіх хрысціян, у тым ліку і праваслаўных, вельмі хвалюе праблема абортаў. Як Вы ставіцеся да гэтага пытання?
Мікалай Улаховіч: Для мяне гэта вельмі складанае пытанне. Зараз кожная маладая сям’я рэгулюе нараджальнасць. Мне здаецца, што сёння магчымасці дазваляюць абыйсціся і без абортаў. Але калі ўжо здарылася такое… У мяне такі выпадак адбыўся ў маёй сям’і. Мы адмовіліся ад усялякіх абортаў, і ў нас нарадзіўся цудоўны чалавек.
Я не магу навязваць, бо не ведаеш якая сітуацыя. Вось дапусцім, хворы на СНІД. Ці трэба нарадзіць чалавека, які будзе потым пакутваць? Гэта вельмі складана. Я лічу, што гэта індывідуальная рэч кожнага чалавека, і ён павінен прыняць рашэнне. Многія за веру ж і паміралі.
Жанчыны ж усё роўна ў асноўным хочуць дзіця. Аборт робяць адзінкі, якія ўжо зусім страцілі жаноцкасць ў галаве.
Krynica.info: Як Вы ставіцеся да спробаў легалізацыі аднаполых шлюбаў?
Мікалай Улаховіч: Ніяк. Па-першае, гэта хвароба. Я з гэтымі праблемамі сутыкаўся па працы і па жыцці. Адзінае, што я гэтым людзям дапамагаў памяняць месцажыхарства або месца працы. Дапамагаць ім трэба, не выганяць іх, не здзекавацца. Не ставіць іх у тупік зусім, каб яны аб’ядноўваліся ў групы. А дазволіць жыць у грамадстве. Але я супраць гейства і падобных рэчаў катэгарычна. Нам трэба насельніцтва: і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Краіна павінна расці і прырастаць за кошт свайго ўласнага насельніцтва.
Krynica.info: У казацтве Вы асноўны націск робіце на праваслаўі. А як у Вас, у тым ліку ў Беларускай патрыятычнай партыі, развіваюцца адносіны з іншымі канфесіямі?
Мікалай Улаховіч: Беларуская патрыятычная партыя ніколі не ставіла сваёй задачай выступаць з пазіцый атэізму. Таму ў нас і вернікі, і камуністы – ус разам. У нас настолькі разнамасны шэраг… Патрыёты – гэта шырокія дзверы, у якія можа ўвайсці любы. Іншая справа, які патрыёт. Ці то нацпатрыёт? А гэта нацысты, яны імкнуцца цалкам да нацыяналістычных ідэяў. А мы наадварот інтэрнацыяналісты.
Krynica.info: А што наконт «баптысцкай накіраванасці»?
Мікалай Улаховіч: Мяне тады няправільна зразумелі. Я меў на ўвазе прадстаўнікоў ІДІЛ, Талібану і таму падобных замкнёных арганізацый мусульман, якія існуюць на нашых тэрыторыях. У нас жа мячэць будуецца!
Да нармальнай веры я стаўлюся нармальна. Але я доўгі час прапрацаваў у вайсковых частках Савецкага Саюза, і ў мяне ёсць вопыт працы з рознымі канфесіямі. І я прыкладна ўяўляю розніцу паміж імі.
Баптысты павінны быць зарэгістраваныя. Быць такімі ж, як Праваслаўная Царква, быць нароўні з усімі. А тыя, хто прыязджаюць сюды – гастарбайтэры, мігранты, яны ж не проста прыязджаюць сюды. Яны ж прыязджаюць з гатовай рэлігіяй. І дзе гарантыя таго, што заўтра яны не стануць прадстаўнікамі ІДІЛ? Што яны заўтра не пачнуць рабіць выбухоўку?. Гэта ўжо ўсё было пройдзена на Каўказе. Таму я супраць гэтага, супраць тэрарызму.
Талібан – гэта ж як кірунак ў мусульман, як баптызм. Вось гэта я і меў на ўвазе. Але неасцярожна выказаўся. А супраць баптыстаў я ніколі нічога не меў. Я ведаю гэтых людзей, і важна, што яны ёсць у грамадстве, не п’юць, не паляць, супраць абортаў. Не тое, што я хачу электарат павялічыць. Мне не патрэбны іх электарат. Мой электарат сам да мяне прыйдзе. А той, які не прыйдзе, ужо ніколі не прыйдзе.
Krynica.info: Вы казалі, што час пакончыць з сацыялістычнай эканамічнай мадэллю. А якое Ваша стаўленне да сацыялістычных назваў, помнікаў?
Мікалай Улаховіч: Грошай шкада. Усім гэтым вуліцам мяняць назвы – затратная частка. А калі змяняць, то ўжо змяняць па-сур’ёзнаму. Ну, стаіць гэты Дзяржынскі або Ленін, ну і хай стаіць. Была гісторыя. Я на Захадзе бачыў шмат помнікаў, якія таксама не адлюстроўваюць любоў народа. Таму нічога не бачу ў гэтых помніках.
Krynica.info: Магчыма, ёсць які-небудзь помнік, які Вы б хацелі, каб стаяў у Беларусі, але цяпер яго няма? Можа, казачы?
Мікалай Улаховіч: Казакі гэта зусім іншае. У нас не было яскрава выяўленых лідараў казацтва ў Беларусі. Хіба, што браць эпоху Багдана Хмяльніцкага, але гэта нешта абласное, раённае.
Мы і так робім усё магчымае – ставім паклонныя крыжы. Мы паставілі каля тысячы паклонных крыжоў у вёсках і пасёлках, дзе маглі.
Мы таксама паставілі помнік партызанскаму камандзіру, які атаясамліваў сябе як казак. Ён нават трапіў у спіс помнікаў Рэспублікі Беларусь. Але, на жаль, неяк склалася так, што пайшлі супярэчлівыя водгукі, размовы. Пачалі разбірацца. Прозвішча ў яго Дзенісенка, і які ён казак: ці то ўкраінскі, ці то рускі, ці то беларускі? Да адзінага меркавання не прыйшлі. Але ў сваім атрадзе партызанскім ён прапаведаваў казачы закон. Апранаўся як казак, ваяваў як казак.
Могуць быць згубленыя сляды, але я пра гэта цалкам не шкадую. Бо мы ж адраджаем казацтва. Колькі мільёнаў знішчылі казакоў толькі савецкія ўлады?
У нас жа ёсць родавыя і прыпісныя казакі. Родавы – гэта той, які мае карані. А прыпісны прыйшоў служыць. І ў нас пачынаюць дзяліць, маўляў, я радавы, а ты не. Але я іх хутка стаўлю на месца. Або былі спрэчкі: я белы, а я чырвоны. Ну, белы і чырвоны … станеш беларускім адразу. Інакш нельга. Калі казакоў не называць беларускімі, хутка назавуцца інакш.
У мяне ж праблемы былі на гэтай глебе з расійскімі казакамі. Яны ж хацелі, каб мы называліся «Казацтва на Белай Русі», а я сказаў не – беларускія казакі. І абараніў сваю пазіцыю. Таксама мая заслуга, хоць маленькая, але мая.
Потым ужо нас пачнуць разглядаць праз прызму часоў, каб асэнсаваць, а што ж гэты чалавек хацеў несці свету. Я прынёс свае ідэі, якія я ажыццявіў. Казацтва будзе жыць і незалежна ад мяне. А калі будзе жыць партыя, то яшчэ лепш – гэта ўжо нешта зрабіў.
Krynica.info: Якой Вы бачыце знешнепалітычную будучыню Беларусі? У саюзе з адным з бакоў або нейтральную, незалежную?
Мікалай Улаховіч: Я хачу, каб Беларусь была незалежнай і ад Еўрасаюза, і ад Расіі. Але так не атрымаецца. Савецкі рынак наш як быў, так і застаўся. Але губляць сувязі з Еўропай таксама катэгарычна нельга. Мы можам знайсці агульную мову і там. І потым, Расія не зацікаўленая рабіць з Беларусі губерню. Калі кажуць аб ваенных базах, то яны існуюць ужо даўно і якія войскі патрэбныя – ўжо стаяць. Што па ўсёй Беларусі па салдаце пасадзіць у кожны дом? Гэта выдумка. А дагавор аб базе – гэта чыста дыпламатычны акт. Можа, Расія штосьці і мае на ўвазе, але я дакладна ведаю, што ні цяпер, ні ў бліжэйшай будучыні яны не збіраюцца рабіць з нас губерню.
Гутарыў Максім Гацак, фота Paval Hadzinski
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Выйшла кніга пра біблійны канон у хрысціянскіх канфесіях 20.05.2022 16:15
- У Жыровічах праходзяць урачыстасці ў гонар абраза Маці Божай 20.05.2022 15:00
- Пінскай епархіяй будзе часова кіраваць архіепіскап Брэсцкі 19.05.2022 19:20
- Гродзенскага святара, які публікаваў гімн «Магутны Божа», звольнілі з прыхода 19.05.2022 14:52
- У Нігерыі мусульмане забілі камянямі студэнтку-хрысціянку па абвінавачванні ў богахуленні 19.05.2022 14:08
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)