Мітрапаліт Кандрусевіч: На Сiнодзе абмяркоўваюцца пагрозы гендарнай iдэалогii

бискупыПершы этап працы Сiнода Біскупаў па пытаннях крызісу сям’і, які распачаўся ў Ватыкане тыдзень таму, завяршыўся 10 кастрычніка прадстаўленнем дакладаў малых лiнгвiстычных групаў. Такіх групаў на час працы Сінода створана 13, у іх уваходзяць каталіцкія біскупы – прадстаўнiкi розных традыцыяў i культураў.

Распавядаючы пра свае ўражанні ад першага працоўнага тыдню Сінода, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадвае словы Папы Францішка, які на пачатку Сiнода заклікаў не ператвараць Сiнод у парламент, дзе шукаюць кампрамiсу, бо на Сiнодзе “неабходна пакінуць месца Богу i даверыцца Святому Духу, каб пад Яго ўплывам калегiяльна шукаць рашэнняў”. Таксама мітрапаліт Кандрусевіч нагадвае, што Сiнод заўсёды з’яўляецца пастаральным i не разглядае дактрынальных праблемаў, паведамляе catholic.by.

Гаворачы пра рэакцыю біскупаў на базавы дакумент «Instrumentum laboris», які з’яўляецца глебай для будучага фiнальнага дакумента Сiнода, герарх кажа, што шматлікія біскупы звярнулі ўвагу на яго праеўрапейскi i нават праамерыканскi характар, якi недастаткова звяртае ўвагу на канкрэтную сiтуацыю сям’i i сямейныя традыцыi iншых культураў.

Таксама шэраг біскупаў незадаволены тым, што дакумент з’яўляецца вынікам сацыялагiчнага аналiзу сучаснай сям’i, але гэтага недастаткова, бо да праблемаў сям’i неабходна падыходзiць таксама i з гледзішча Касцёла.

Шмат увагi падчас працы Сінода, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, удзяляецца неабходнасці змены мовы, на якой Касцёл звяртаецца да сучаснага чалавека i да сем’яў, – яна павiнная быць зразумелай i ўносiць свежасць у жыццё сям’i.

Гаворачы пра месца, адведзенае Сінодам праблемам, якія найбольш любяць СМІ, – гомасексуальным саюзам, святой Камунii для разведзеных, гендарнай iдэалогii, выкарыстанню дасягненняў генетыкi ў пракрэацыi жыцця, арцыбіскуп Кандрусевіч кажа: “На Сiнодзе ўжо абмяркоўвалiся пагрозы гендарнай iдэалогii, якая прымае форму новай iдэалогіi i нават дыктатуры. Касцёл не можа яе прыняць, бо яна супярэчыць Божаму плану, падобна як не можа згадзiцца з практыкай штучнага апладнення. Касцёл не выключае з пастырскай апекi гомасексуалiстаў, разведзеных i тых, хто ўступіў у новы сужэнскi саюз i хоча iм дапамагчы. Аднак ён не можа прызнаць гомасексуальны саюз нармальнай сям’ёй, бо ён супярэчыць устаноўленаму Богам iнстытуту сям’i, не можа пагадзiцца i з Камунiяй для разведзеных i тых, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе, бо яны не знаходзяцца ў стане Божай ласкi. Будучы домам мiласэрнага Айца, Касцёл чакае тых, хто знаходзіцца ў такiх складаных сiтуацыях. Дзверы Касцёла адчынены для iх праз навяртанне”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі