“Права выбару-2015”: лічба датэрміновага галасавання у 36% выглядае яўна завышанай

наблюдателиКампанія назірання “Права выбару-2015” 10 кастрычніка прэзентавала дадзеныя прамежкавай справаздачы №5 аб папярэдніх выніках датэрміновага галасавання.

Кампаніі “Права выбара-2015”  здзяйсняла назіранне на 649 выбарчых участках. На 577 выбарчых участках назіральнікі кампаніі валодалі лічбамі аб агульнай колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчых ўчасткаў, што дало магчымасць зрабіць падлік яўкі выбаршчыкаў.

Такім чынам на 577 выбарчых участках за пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавала 299 344 чалавек (паводле афіцыйных звестак – 313 977, разыходжанне – 14 633 чалавекі, альбо 4,89%).

У Мінску неперарыўнае назіранне вялося на 111 выбарчых участках. Назіральнікі налічылі 46 782 выбаршчыка (паводле афіцыйных звестак  52 032 чалавекі, разыходжанне –5 250 чалавек, альбо 6,66%).

Па падліку назіральнікаў, найбольшае разыходжанне ў яўцы выбаршчыкаў выяўлена участку №38 Першамайскага раёна Мінска: па звестках назіральнікаў – 283 чалавекі, па афіцыйных звестках – 627 чалавек, розніца – 344 чалавекі, альбо 121%.

Усяго назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2015” за час датэрміновага галасавання пададзена 391 скарга. Колькасць зафіксаваных назіральнікамі інцыдэнтаў, звязаных з парушэннем выбарчага заканадаўства, склала 1071. Было пазбаўлена акрэдытацыі 12 назіральнікаў.

Найбольш часта фіксуемымі інцыдэнтамі былі: пазбаўленне акрэдытацыі назіральнікаў, непрадастаўленне назіральнікам годных умоваў для назіраня за выбарамі, прымус да датэрміновага галасавання, галасаванне адных і тых жа людзей на розных выбарчых участках (карусель), незабеспячэнне належнага захоўвання скрынь для галасавання.

Найбольшую колькасць прагаласаваўшых за пяць дзён датэрміновага галасавання назіральнікі зафіксавалі на выбарчым участку №44 у Першамайскім раёне Віцебска: прагаласавала 1675 чалавек, альбо 89,1% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на выбарчым участку (афіцыйная яўка – столькi ж).

Найменьшая колькасць прагаласаваўшых зафіксавана на выбарчым участку №147 Кастрычніцкага раёна Магілёва: 158 чалавек, альбо 10,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў (афіцыйная яўка супадае).

Як адзначыў адзін з каардынатараў кампаніі “Права выбару-2015” Алесь Сілкоў,
на большасці выбарчых участкаў члены камісій не прытрымліваліся ў поўнай меры нормаў выбарчага заканадаўства Беларусi, а на некаторых вынікі галасавання можна аспрэчваць ужо зараз, па прычыне значнага завышэння яўкі з боку ўчастковых выбарчых камісій.

Другі каардынатар кампаніі назірання Дзяніс Садоўскі лічыць, што выбары адбываюцца па сцэнары папярэдніх выбарчых кампаній i сур’ёзныя парушэнні даюць падставы лічыць датэрміновае галасаванне непразрыстым і недэмакратычным са шматлікімі фактамі перашкодаў у працы назіральнікаў. “Яўка заўважна ніжэйшая на тых выбарчых участках, дзе назіраюць за выбарамі нашыя назіральнікі і таму лічба агучанай цэнтрвыбаркамам у 36% выглядае яўна завышанай”, – кажа ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі