ЦВК пачаў мяняць лічбы ў выніках галасавання

выборыУ Савецкім раёне Мінска пасля публікацый блогераў і званкоў з СМІ з’явіліся сапсаваныя бюлетэні, а колькасць тых, хто прагаласаваў у Шклоўскім раёне са 104% знізілася да 100%.

Падрабязная статыстыку па папярэдніх выніках галасавання на сайце ЦВК публікуецца менш чым праз суткі пасля закрыцця участкаў.

Як аказалася, з 83 236 чалавек, што прагаласавалі ў Савецкім раёне Мінска, ні адзін не змог сапсаваць свой бюлетэнь, піша Еўрарадыё. На мінулых выбарах тут быў 1001 несапраўдны бюлетэнь. Калі параўнаць лічбы з іншымі раёнамі сталіцы, то можна паверыць у цуды: Завадскі – 679 сапсаваных бюлетэняў, Ленінскі – 304, Маскоўскі – 848, Фрунзенскі – 2466.

У выбарчай камісіі Савецкага раёна пракаментаваць поўную адсутнасць сапсаваных бюлетэняў не змаглі, сказалi, што цяпер няма дадзеных пад рукой. А ў другой палове дня 13 кастрычніка сапсаваныя бюлетэні ў Савецкім раёне з’явіліся – 751. З ранейшай графы “супраць усіх” – раніцай 13 кастрычніка там было 18364 галасы, а потым стала 17608 (на 756 менш). Яшчэ 3 галасы “адабралі” у Гайдукевіча, Караткевіч “накінулі” 5 штук, Лукашэнку – 7 галасоў, Улаховічу – 3. Колькасць тых, што прынялі ўдзел у галасаванні, змянілася з 83236 чалавек да 83243.

У Шклоўскім раёне раніцай 13 кастрычніка агульная колькасць тых, хто прагаласаваў даходзіла да 104,18% ад колькасці тых, хто атрымаў бюлетэні, а пасля абеду стала роўна 100%. Пры гэтым колькасць галасоў за кандыдатаў засталася ранейшай – скарацілася колькасць тых, хто прагаласаваў супраць усіх.
Перамены адбыліся і ў дадзеных з Маскоўскага раёна Брэста, Маладзечанскім раёне, Барысаўскім і іншых.
Як паведамляла Крыніца, ЦВК апублікаваў дадзеныя вынікаў прэзідэнцкіх выбараў па раёнах. Згодна з імі, не было несапраўдных бюлетэняў у Савецкім раёне Мінска і ў некаторых іншых раёнах, у тым ліку ў адным з двух раёнаў Брэста.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі