Рада БНР: Прэзідэнцкія выбары не былі дэмакратычнымі

РадаРада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 13 кастрычніка выступіла з заявай аб тым, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, праведзеныя 11 кастрычніка, не могуць лічыцца справядлівым і дэмакратычным волевыяўленнем беларускага народу, а іх вынікі не маюць юрыдычнай сілы.

Рада БНР звяртае ўвагу на тое, што для вядзення выбарчае кампаніі не былі створаныя раўнапраўныя ўмовы. Агульнанацыянальныя дзяржаўныя СМІ на працягу выбарчай кампаніі выконвалі прапагандысцкія задачы на карысць кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, гаворыцца ў паведамленні.

У заяве падкрэслівацца, што цэнтральныя і мясцовыя выбарчыя камісіі не былі падкантрольныя беларускаму грамадству, працэс падліку галасоў быў цалкам непразрысты для назіральнікаў, а самі выбары праходзілі ва ўмовах ціску на палітычныя і грамадскія арганізацыі, на недзяржаўныя СМІ, пры агульнай адсутнасці дэмакратычнага палітычнага працэсу ў краіне.

Рада БНР адзначае, што вызваленне палітычных вязняў, зробленае напярэдадні выбараў, можа разглядацца толькі як першы крок да нармалізацыі палітычнай атмасферы ў Беларусі.

У заяве робіцца выснова, што Аляксандр Лукашэнка, які паводле афіцыйных вынікаў абвешчаны пераможцам на выбарах, не з’яўляецца законна абраным прэзідэнтам Беларусі.

Рада БНР заклікае ўлады Беларусі гарантаваць грамадзянам дэмакратычныя правы і свабоды, стварыць у Беларусі перадумовы для правядзення паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасля чаго правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі