З беларускіх вуліц знікла схаваная рэклама алкаголю

сваякЗ беларускіх вуліц, метро і падземных пераходаў знікла прыхаваная рэклама разнастайных алкагольных брэндаў, якія прапаноўваліся пакупніку пад выглядам пітной вады ці безалкагольнага віна. Прычына гэтага ў тым, што 15 кастрычніка ўступіла у моц новая рэдакцыя закона «Аб рэкламе», згодна якой забаронена вонкавая рэклама парасонавых брэндаў, звязаных з алкаголем і тытунем.

“Гэта маленькая перамога кампаніі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», у межах якой пад заканадаўчымі прапановамі па дэалкагалізацыі насельніцтва да ўраду і іншых дзяржорганаў нашымі актывістамі па ўсёй краіне было сабрана больш за 25 000 подпісаў”, — адзначыла ў каментары krynica.info каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.

“Прыемна праехаць па горадзе і спусціцца ў метро і больш не бачыць гэтых бігбордаў “Бульбаша”, «Сяброў», «Сваякоў», «Амбасадораў» і іншых. Гэта вельмі важная змена ў заканадаўстве, улічваючы катастрафічную статыстыку па ўжыванні алкаголю ў Беларусі, на якую улады спрабуюць не звяртаць увагі з-за вялікага алкагольнага лобі і прыбытку ад акцызаў. А мы правядзеннем нашых кампаній гэту увагу прыцягваем і дзякуючы падтрымцы людзей прымушаем улады змяняць законы згодна тым каштоўнасцям, якія для нас важны”, — падкрэсліла яна.

Паводле яе, такія перамогі паказваюць, што “змены магчымы нават у той сітуацыі, калі мы не абіраем парламент і чыноўнікаў”. “А каб абараніць тое, што для нас важна, мы павінны яднацца і казаць уладам, якім павінна быць заканадаўства. Толькі, калі гэта голас не аднаго актывіста, а вялікай колькасці людзей і арганізацый, ёсць шанец штосьці змяніць”, — мяркуе Вольга Кавалькова.

Кавалькова: адмена абмежаванняў па часе продажу алкаголю – здрада краіне

Разам з тым яна прызнала, што яшчэ адна перамога антыалкагольнай кампаніі, якая выявілася ў абмежаванні часу продажу алкаголю, пратрымалася толькі два месяцы і была скасаваная пасля таго, як “ улады пабачылі, што паменшыліся сумы адлічэнняў у бюджэт ад акцызаў”. “За гэты крок я асуджаю ўлады, бо ведаць, што Беларусь займае лідыруючае месца у свеце па ўжыванні алкаголю, і рабіць выгляд, што праблемы не існуе, і рабіць усё, каб сітуацыя пагаршалася — гэта здрада сваёй краіне”, — мяркуе прадстаўнік БХД.

“Ім проста было вярнуць час продажу, бо такія змены рэгулююцца рашэннямі мясцовых органаў улады. Змены ж у закон ажыццявіць нашмат цяжэй, таму мы будзем сачыць за ўсімі планамі уладаў у гэтай галіне, тым больш наша кампанія працягваецца. І гэта не першая перамога Беларускай хрысціянскай дэмакратыі над зменамі ў заканадаўства, але і не апошняя, мы і надалей будзем працаваць над тымі праблемамі, якія патрабуюць зменаў, згодна нашым прынцыпам і каштоўнасцям. Просім далучацца да нас тых, для каго гэтыя праблемы таксама важныя”, — заключыла Вольга Кавалькова.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі