У Вялікабрытаніі пачалі святкаваць 500-годдзе беларускага кнігадруку

01-Суша-ЛонданБеларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане пачалі святкаваць 500-годдзе беларускага кнігадруку. З гэтай нагоды 17 кастрычніка, упершыню за 20 гадоў, музей наведаў прадстаўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, намеснік дырэктара гэтай ўстановы, культуролаг і кнігазнаўца  Алесь Суша.

Алесь Суша сустрэўся з радай Скарынаўскай бібліятэкі і з беларускай супольнасцю Лондана, паведамляе радыё Рацыя.  Былі абмеркаваны прапановы па супрацы паміж дзвюма ўстановамі для ўзаемнага пашырэння доступу да калекцый карыстальнікам у Беларусі і Вялікабрытаніі, алічбавання матэрыялаў з калекцыі Скарынаўкі, выставачнай дзейнасці, тэхналагічнаму садзейнічанню і магчымасці карыстання экспертнымі напрацоўкамі Нацыянальнай бібліятэкі.

Цікава, што першыя спробы наладзіць кантакты паміж Нацыянальнай бібліятэкай і Скарынаўскай бібліятэкай у  Лондане  яшчэ ў 1995 г. рабіў першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі Уладзімір Шчасны. Але спатрэбілася 20 гадоў, каб адбыўся першы візіт прадстаўніка галоўнай беларускай бібліятэкі да суайчыннікаў у Брытаніі.

Сустрэча з беларускай супольнасцю прайшла ў Marian House – сядзібе Беларускай каталіцкай місіі і будынку, ад якога бярэ свой пачатак гісторыя Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны. Ён знаходзіцца ў раёне Фінчлі, вельмі дарэчным месцам для ўшанавання нашых нацыянальных кніжных здабыткаў. Тут жыў і дзеіў а. Аляксандр Надсан – адметны скарыназнаўца, даследчык, перакладчык і  папулярызатар спадчыны беларускага першадрукара. Надсан прыклаў вялізарныя намаганні для таго, каб іншыя даследчыкі мелі магчымасці рабіць свае даследванні ў гэтай галіне.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша прывёз у падарунак для Беларускай бібліятэкі ў Лондане першыя восем ужо надрукаваных тамоў факсімільнага ўзнаўлення ўсіх скарынавых выданняў. Ён таксама расказаў пра запланаваную праграму святкавання юбілея беларускага кнігадруку ў Беларусі і замежжы.

Да падзеі была падрыхтавана выстава выбраных старадрукаў, манускрыптаў і скарыназнаўчых выданняў, якія складаюць гонар Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны, у тым ліку фрагменты Першай кнігі Царстваў (1518 г.), якія захоўваюцца тут. Гэтыя скарбы ўпершыню выстаўляліся разам. Сюрпрызам для прысутных стала імправізаваная міні-экскурсія па выстаўленых экспанатах, якую зрабіў Алесь Суша.

Гэта была першая падзея ў рамках святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку ў Вялікабрытаніі. Рыхтуюцца іншыя падзеі, у тым ліку ў Брытанскай бібліятэцы і іншых знакавых бібліятэках краіны – з удзелам Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны.

Адлік гісторыі беларускага кнігадруку вядзецца ад 6 жніўня 1517 года, калі Францыск Скарына выдаў біблейскую кнігу Псалтыр на тагачаснай беларускай мове. Як паведамляла KRYNICA.INFO, з гэтай нагоды ў Беларусі таксама пашырацца ініцыятыва, удзельнікі якой прапануюць адзначыць на нацыянальным ўзроўні не толькі юбілей кнігадруку, але і 500-годдзе беларускай Бібліі і афіцыйна назваць 2017 год годам Бібліі ў Беларусі.

Па матэрыяле www.racyja.com, фота Алеся Сушы.

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі