Беларуская версія гімну Сусветнага дня моладзі выйдзе з мясцовым каларытам

лагатыпыПадыходзіць да завяршэння падрыхтоўка відэароліку з запісам беларускамоўнай версіі гімну Сусветнага дня моладзі “Шчаслівыя міласэрныя”, які Каталіцкі Касцёл правядзе ў 2016 годзе ў Кракаве. Чакаецца, што відэа можна будзе пабачыць ужо напрыканцы гэтага – пачатку наступнага тыдню. Афіцыйная ж прэзентацыя спеву адбудзецца на сустрэчы жадаючых паехаць на СДМ.

Мэтаў у запісе беларускамоўнай версіі гімны СДМ было некалькі. Па-першае, прапаганда гэтай сустрэчы. Па-другое, аб’яднанне беларускіх музыкаў-хрысціян, распавяла Krynica.info Алена Кот, якая займаецца ў праекце музычна-арганізацыйнай працай.

Галоўным ідэйным натхняльнікам і арганізатарам выдання беларускамоўнай версіі гімну з’яўляецца айцец-кармеліт Сяргей Трысцень. Тэкст спеву з польскай мовы пераклала Юлія Шэдзько.

Удзел у запісе прымалі не толькі каталікі, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій. “ВКонтакте абвясцілі, што любы жадаючы можа ўзяць удзел у праекце. І жадаючыя, якія дзесьці спяваюць, дзесьці граюць, у меру сваіх здольнасцяў прынялі ў гэтым удзел. Салісты – гэта зоркі беларускай хрысціянскай музыкі:  удзельніца расійскага шоў “Голос” Патрыцыя Курганава, вакаліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру Дзмітрый Маціеўскі і вядомы музыка Аляксандр Патліс”, – паведаміла суразмоўца.

“Гімн – гэта гімн. Але мы захацелі ўнесці ў яго свой каларыт. Таму мы дадалі беларускі народны інструмент: у нас дзяўчына са “Старога Ольсы” грае на сапілцы. Увогуле, мы хацелі ўкласці ў спеў нешта сваё. Атрымалася ці не атрымалася, мяркуйце самі”, – адзначыла Алена Кот.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі