Пракуратура пакінула Алеся Міхалевіча пад следствам

michalevichЭкс-кандыдат у прэзідэнт Беларусі Алесь Міхалевіч 22 кастрычніка атрымаў адмоўны адказ з пракуратуры адносна спынення ў дачыненні да яго крымінальнай справы.

Справа была заведзеная па факце масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, паведамляе belapan.by.

Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасня праз чатыры з паловай гады эміграцыі ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычны прытулак. Ён быў затрыманы беларускімі памежнікамі пры ўездзе з Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Вярнуўшыся на радзіму, Міхалевіч адразу ж падаў ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску хадайніцтва аб спыненні яго крымінальнай справы, якая ў дачыненні да іншых фігурантаў ўжо закрытая. Аднак у задавальненні хадайніцтва яму адмоўлена.

Міхалевіч абскардзіў рашэнне следчага ў пракуратуры Мінска, аднак тая пераслала скаргу назад у Следчы камітэт, які пацвердзіў законнасць дзеянняў следчага. Такім чынам, Алесь Міхалевіч працягвае заставацца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

Па словах Алеся Міхалевіча, ён мае намер дамагацца закрыцця крымінальнай справы. Чарговая скарга будзе накіраваная начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску.

Міхалевіч не раз заяўляў, што хоча вярнуцца ў Беларусь, але вяртанню перашкаджае дагэтуль адкрытая ў дачыненні да яго крымінальная справа аб масавых беспарадках.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі