Бакіеў даў першую прэс-канферэнцыю за 5 гадоў і прэзентаваў сваю кнігу

бакиевЭкс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў 22 кастрычніка ў Мiнску на сваёй першай за пяць гадоў прэс-канферэнцыі распавёў аб сваёй версіі крывавых падзеяў 7 красавіка 2010 года ў Бішкеку, а таксама пра сваё жыццё ў Беларусі.

Нагодай да прэс-канферэнцыі стала прэзентацыя яго кнігі «Боль, любоў, надзея: мой Кыргызстан».

На думку Бакіева, «дзяржпераварот бы не адбыўся без падтрымкі знешніх сіл», перадае TUT.BY, але гэтыя сілы ён не назваў, каб не «пашкодзіць шматлікім людзям».

Сённяшнія суды ў дачыненні да яго, яго прыхільнікаў і сваякоў ён лічыць «палітычнай замовай».

Бакіеў сказаў, што не шкадуе аб сваім рашэнні не разганяць пратэсты, а пакінуць краіну. Паводле яго слоў, ён мог, як і прэзідэнт Сірыі, сказаць: «Я легітымны прэзідэнт і працягваю кіраваць краінай», і тады было б больш крыві. Ён паведаміў, што вырашыў пакінуць Кыргызстан пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Бакіеў заявіў, што ён не аддаваў загаду адкрыць агонь. Па законе, у выпадку нападу на Дом ураду, ахова мае права прымяняць зброю без усялякага загаду, сказаў ён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што праваахоўнікі не стралялі ў пратэстуючых баявымі патронамі, спачатку ўжывалі слезацечны газ, а потым гумовыя кулі.

Ён таксама заявіў, што сярод пратэстуючых 7 красавіку было нямала п’яных і наколатых псіхатропамі, а сярод загінулых — марадзёраў, якія рабавалі супермаркеты: іх трупы прывозілі і складалі каля Белага дома, каб «стварыць ілюзію».

Бакіеў таксама заявіў, што члены часовага ўрада адмовіліся ад міжнароднага расследавання, на якім ён настойваў, бо «ў іх пыса ў пухе».

Ён сказаў, што шкадуе, што дапусціў чалавечыя ахвяры, а таксама пра тое, што у свой час прызначыў сённяшняга прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева прэм’ер-міністрам.

Бакіеў заявіў, што дзяржпераварот стаў для яго нечаканасцю.

Бакіеў не выключае вяртання ў Кыргызстан

Таксама распавёў журналістам, што ў Беларусі ён займаецца дзецьмі і ўнукамі, яго дачка вучыцца ў 9-м класе мінскай гімназіі, малодшы сын — у пятым класе, старэйшыя сыны Максім і Марат займаюцца бізнесам. Максім жыве ў Лондане і, па словах Бакіева, у Мінск не прыязджаў.

Бакіеў сказаў, што займаецца паляваннем, рыбалкай і спортам. Ён лічыць беларусаў добрым, адкрытым, гасцінным і адукаваным народам, хваліць беларускую ахову здароўя і адукацыю.

Аб сродках на жыццё ён сказаў, што за 30 гадоў працы на кіруючых пасадах зарабіў, каб нармальна жыць, разам з тым жыве «сціпла» — у пасёлку Дразды. Ахоўвае Бакіева Служба бяспекі прэзідэнта Беларусі.

Па словах Бакіева, з самім Аляксандрам Лукашэнкам ён мае зносіны рэдка, імкнучыся не злоўжываць сяброўствам і лішні раз не тузаць прэзідэнта, а пры рэдкіх сустрэчах яны гавораць аб дзецях, унуках, а пра палітыку стараюцца не казаць. Ён таксама паведаміў, што Лукашэнка быў захоплены, калі дачка Бакіева прачытала яму паэму на беларускай мове.

Бакіеў назваў Беларусь сваёй другой радзімай, сказаў, што да яе моцна прыкіпеў, хоць не выключае вяртання ў Кыргызстан, калі там зменіцца ўлада. Але будучыню сваіх дзяцей ён бачыць у Беларусі

На фуршэце пасля прэзентацыі Бакіеў падняў тост «за мір і спакой» у Беларусі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі