На шыіцкае свята мэтамі тэрактаў сталі мячэці Нігерыі, Пакістана і Бангладэш

взрыв

Адразу ў трох краінах – Нігерыі, Пакістане і Бангладэш 24 кастрычніка прагучалі выбухі ў мячэцях. Тэракты прыпалі на свята Ашура – галоўны памятны дзень у шыіцкай галіне ісламу. У гэты дзень шыіты смуткуюць аб унуку прарока Мухамеда – імаме Хусейне, які быў забіты ў 680 годзе.

У Майдугуры на паўночным усходзе Нігерыі ахвярамі выбуху сталі не менш за чатыры чалавекі. Выбуховае прыстасаванне прывяла ў дзеянне смяротніца, якая таксама загінула. Колькасць пацярпелых ацэньваецца ў 10 чалавек, паведамляе ВВС.

Гэта трэці за суткі выбух у краіне. У пятніцу, 23 кастрычніка, смяротнік падарваў бомбу ў будынку мячэці ў Майдугуры, праз некаторы час яшчэ адно выбуховае прыстасаванне спрацавала ў мячэці горада Ёлы. Абодва выбухі адбыліся падчас малітваў. Агульная колькасць ахвяраў ацэньваецца прыкладна ў 50 чалавек. Адказнасць за здарэнне на сябе ніхто не ўзяў, аднак у гэтым рэгіёне асабліва актыўная радыкальная групоўка “Бока Харам”.

У Бангладэш пры выбухах у мячэці пацярпелі больш за 100 чалавек

У шыіцкай мячэці Хусейн Далан у сталіцы Бангладэш Даке раніцай 24 кастрычніка  таксама прагрымела серыя выбухаў. Спрацавалі тры з пяці самаробных выбуховых прыладаў. У выніку параненыя больш за 100 чалавек, пацярпелым аказваецца медыцынская дапамога. Пакуль вядома аб адным загінулым – ім аказаўся 12-гадовы хлопчык.

Падчас выбухаў у мячэці знаходзіліся каля 25 тыс. чалавек, якія прыйшлі туды ў гонар Дня Ашура.

Паліцыя паведамляе аб двух падазраваных, затрыманых адразу ж пасля выбухаў, з імі працуе следства. Ніхто з радыкальных груповак адказнасць за інцыдэнт пакуль на сябе не ўзяў.

У пакістанскай правінцыі Сінд ў выніку тэракту, мішэнню якога сталі ўдзельнікі святочнай працэсіі шыітаў, загінулі 16 чалавек. Як мінімум 40 чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Напярэдадні, 22 кастрычніка, выбух бомбы ў шыіцкай мячэці горада Бхааг у правінцыі Белуджыстан забраў жыцці 10 чалавек, больш за 20 былі параненыя.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі