Улады адвялі арганізатарам на акцыю «Дзяды» 6 гадзiн

куропаты

Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ атрымала дазвол Мінгарвыканкама і Мінаблвыканкама на правядзенне ў нядзелю, 1 лістапада, вулічнай акцыі да дня памяці продкаў «Дзяды».

Пра гэта журналістам паведаміў 27 кастрычніка намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі, перадае БелаПАН.

Улады дазволілі фармат акцыі, які прапаноўвалі заяўнікі.

Так, збор удзельнікаў праводзіцца з 11.00 да 11.30 на пляцоўцы перад будынкам Мінскага гадзіннікавага завода.

Затым да 14.30 пройдзе дэманстрацыя (па ходніках) па праспекце Незалежнасці — вуліцах Каліноўскага — Сядых — Карбышава — Гамарніка — Мiрaшнiчэнкі — МКАД (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты).

З 14.30 да 17.00 ва ўрочышчы з масавымі пахаваннямі ахвяр сталінскіх рэпрэсій праводзіцца мітынг (заяўка была на 5 тыс. чалавек).

Беленькі таксама паведаміў, што ў распараджэнні за подпісам кіраўніка Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры, ёсць патрабаванне падчас мітынгу забяспечыць ахову грамадскага парадку, медабслугоўванне, супрацьпажарную бяспеку, санітарны стан месцы, заключыўшы адпаведныя дагаворы. Беленькі заявіў, што патрабаванне неправамерна з заканадаўчага і маральнага пункту гледжання.

Заяўнікі акцыі звернуцца ў аблвыканкам, каб іх вызвалілі ад аплаты паслуг дзяржслужбаў, а пры адмове — у пракуратуру.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі