Грамадскі трыбунал вынес абвінавачанне сталінізму ў Беларусі

трибуналДа дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 29 кастрычніка, у Мiнску прайшло заключнае паседжанне Грамадскага трыбуналу па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі.

Удзел у паседжаннi прынялі вядомыя грамадзкія дзеячы, юрысты, нашчадкі ахвяраў палітычных рэпрэсій, у тым лiку навуковец і даследнік сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў, юрыст Міхаіл Пастухоў, святар Леанід Акаловіч, кінарэжысёр Уладзімер Халіп, старшыня грамадскай арганізацыі ахвяраў палітрэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і іншыя, паведамляе Радыё Свабода.

Вынікам працы Грамадскага трыбуналу, якi працаваў паэтапна дзесяць гадоў, стала падпісанне абвінавачання сталінізму ў Беларусі. У iм, у прыватнасці,  адзначаецца: “У 1920-1950-гадах паводле афіцыйных звестак былі рэпрэсаваныя 600 тыс. чалавек. Паводле незалежных даследнікаў, 1 400 тыс. чалавек. Кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі, кожны пяты — дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. Больш за 500 тыс. былі расстраляныя, закатаваныя ў засценках НКУС, загінулі ў ГУЛАГу. Незавершаны працэс дэсталінізацыі на паслясавецкай прасторы стварае глебу для перыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму. Беларусь не можа стаць дэмакратычнай дзяржавай, не асудзіўшы сталінскі рэжым і не ўшанаваўшы памяць сваіх грамадзян, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Сталінізм не павінны мець шанцы на адраджэнне. Краіна, якая не можа і не хоча прызнаць злачынствы і памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтор».

У дакумэнце Грамадскі трыбунал звяртаецца да ўладаў з патрабаваннем годна ўшанаваць памяць бязвінна закатаваных суграмадзян, выканаць пастанову ўраду і ўсталяваць помнік у Курапатах, помнік усім ахвярам сталінізму ў Мiнску і ў іншых гарадах Беларусі. Таксама патрэбна забяспечыць поўны доступ да архіваў КДБ і іншых рэпрэсіўных структур, правесці археалягічныя раскопкі па выяўленні новых месцаў масавых забойстваў грамадзян. Таксама яны заклікаюць краіны Еўропы і былыя краіны Савецкага Саюзу стварыць міжнародную ўстанову ў справе расследавання злачынстваў камунізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Адзін з арганізатараў правядзення трыбуналу, навуковец Ігар Кузьняцоў адзначыў, што выніковая рэзалюцыя будзе адкрытая для падпісання ўсімі грамадзянамі Беларусі, а затым будзе накіраваная ў вышэйшыя дзяржаўныя органы Беларусі. Удзельнікі заключнага паседжання зладзілі таксама выставу ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якая застаецца адкрытай для наведвання ў сядзібе партыі БНФ.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі