Хэлоўін: у Мінску абяцаюць адчыніць дзверы ў пекла

пекла

Беларуская сталіца па поўнай рыхтуецца да набліжэння брытанскага паганскага свята Хэлоўін, у якое, па павер’ях, душы памерлых вяртаюцца на зямлю. Каб не адставаць ад модных павеваў кавярні, клубы і рэстараны Мінска абнавілі свае праграмы, з якімі азнаёмілася Krynica.info.

Так, у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада ў Мінску можна будзе пагуляць з катам і паслухаць прароцтва варажбіткі, паўдзельнічаць у «жудасных конкурсах» і «забойных розыгрышах», атрымаць за гэта «агідныя прызы» і, выпіўшы «крывавага пуншу», станцаваць «пякельныя танцы». Некаторыя ўстановы прапануюць далучыцца да «шалёнага карнавалу вампіраў і пярэваратняў», а то і «адчыніць дзверы ў пекла». Таксама ў планах «страшэнны абрад пасвячэння ў вампіры, дэфіле нячыстай сілы, конкурс «Міс і Містэр Кашмар»». Музыка будзе не лепш — «кавер-бэнды з пекла» выканаюць «пякельную сумесь».

У адной кавярні абяцаюць «вакханалію, дапоўненую публічным ахвярапрынашэннем», у іншай жа, хоць і запрашаюць на ноч «з крывавай красуняй», але гарантуюць, што «абыдуцца без забойстваў». Тым, хто «не паспеў пераўвасобіцца ў спараджэнне змроку», абяцаюць дапамагчы. «Лепшага монстра» чакае прыз.

Як паведамляла Krynica.info, хрысціянін не можа ўдзельнічаць у неаязычніцкіх гуляннях. «Сапраўдны хрысціянін ведае, што зло — гэта не цацка, што выкліканне злых духаў і ўдзел у дэманічных маскарадах — гэта не гульня», — лічыць каталіцкі святар кс. Андрэй Рылка. Паводле яго слоў, нават знешняя атрыбутыка Хэлоўіна накіравана на культ смерці, страху, магіі.

«Ствараюцца ідэальныя ўмовы для прапаганды акультызму, сатаністычных практык. Гульня ў жартаўлівую жудаснасць стварае спрыяльныя ўмовы для таго, каб баналізаваць зло, смерць, злых духаў. У свядомасці людзей ствараецца ўражанне, што зло не такое ўжо злоснае, але добрае, што дэманічны свет — гэта толькі чалавечыя страхі, а акультызм — усяго толькі вясёлая гульня», — адзначае ён.

У сваю чаргу кс. Даніла Сваяк нагадвае, што Дзень усіх Святых стаіць на адным з першых месцаў у сатанізме. Тым жа, хто стаіць перад выбарам, удзельнічаць ці не ў святкаванні Хэлоўіна, ён раіць лепш застацца «белай варонай», вытрываць папрокі тыпу «вы не з гэтага свету».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі