Музыка Алекс Янцэвіч: хачу несці Добрую вестку па ўсім свеце і мару праспяваць на беларускай мове

7-IMG_8195_1Ураджэнец беларускага Глыбокага хрысціянскі спявак і музыка Алекс Янцэвіч цяпер жыве ў ЗША. Пакінуўшы ў Беларусі сяброў і напрацаваную творчую базу, амерыканскі беларус змог і там не згубіцца. Аб творчасці і жыцці, сучасным хрысціянстве і некаторых сакрэтах поспеху – у інтэрв’ю для партала Krynica.info.

Як здарылася, што вы сталі пісаць хрысціянскія песні?

Цікавасць да музыкі ў мяне з ранняга дзяцінства, спяваў усё і ўсюды. Потым стаў складаць  і сам. Спачатку толькі вершы, а потым і музыку да іх, нараджаліся песні. Усё гэта паказваў у школьнай самадзейнасці. Паралельна скончыў музычную школу па класе скрыпкі ў Гыбокім. Але ў творчасці наступіў перапынак, ніяк не мог знайсці аднадумцаў. У школе – хор і элементы народнай і класічнай музыкі, а сябры апынуліся па вушы ў року. Мяне ж больш прыцягваў эстрадны накірунак.

Пасля школы ледзь не паступіў у Ветэрынарны інстытут у Віцебску, але добрыя людзі параілі пайсці ў Музычнае вучылішча. Там асвоіў яшчэ адзін духавы інструмент – барытон. Але, самае галоўнае,  прыняў Ісуса Хрыста ў сваё сэрца. Увесь вольны час я прысвяціў Богу для наведвання царквы, вывучэння Бібліі, зносін з тымі, хто таксама спрабаваў зразумець волю Божую. Актывізавалася і мая творчасць, я стаў усхваляць Госпада.

Зараз вы жывяце ў ЗША, але сваю вядомасць, як хрысціянскі спявак і музыка, аўтар песень, атрымалі ў Беларусі…

Так, мой беларускі перыяд быў насычаны творчасцю і мноствам выступаў. Пераехаўшы ў Мінск для вучобы ў Тэалагічным інстытуце, пазнаёміўся з маладымі музыкамі царквы “Благадаць” і мы запісалі 2 альбомы – «Гасподзь працягвае рукі» і «Дарога ў нябёсы», аб’ездзілі з імі ўсю Беларусь, наведвалі школы, дзіцячыя дамы, бальніцы, дамы састарэлых, дзіцячыя летнія лагеры, удзельнічалі ў фестывалях. Гэта быў выдатны час.

З 1998 я быў у групе «OAZIS», у 2001 годзе запісалі альбом «Я Табе спяваю». Самае дзіўнае, што сродкі для запісу ахвяравалі наш гітарыст з жонкай, гэта былі грошы, якія ім падарылі на вяселле. І з гэтым калектывам мы зрабілі мноства выступаў. Але… Я ўжо быў жанаты 2,5 годы, маленькае дзіця, увогуле, мы прынялі рашэнне эміграваць у ЗША.

Амерыка сустрэла ласкава?

Цалкам. З верасня 2001 года мы жывем у Масачусецы, гэта адзін з паўночна-ўсходніх штатаў ЗША. З’яжджаючы, я пакінуў матэрыял для альбома рэміксаў да песень з альбома «Я Табе спяваю». Але так атрымалася, што давялося ўсё дарабляць аднаму, і ў выніку нарадзіўся сольны альбом «Прабач». У 2007 годзе запісаў новы альбом «Калі хочаш…», з якім пабываў у канцэртнай паездцы ў Ізраілі.

Новыя магчымасці мне прынёс удзел у амерыканскім конкурсе хрысціянскіх талентаў «Адкрыццё – 2013». Я атрымаў прапанову запісаць першы англамоўны альбом, які пісалі ў Галівудзе. Запісаў і выпусціў таксама ў 2014 годзе доўгачаканы альбом «Юнацтва выдатнае», у які ўвайшлі папулярныя псальмы, вядомыя ў рускамоўных цэрквах на працягу ўжо 100 гадоў, не менш.

Вырасла і наша сям’я, нам з жонкай Ірынай Бог падарыў выдатных дачок Наталлю, Карыну і Мілану. І вось зусім нядаўна, у сярэдзіне кастрычніка Ірачка нарадзіла Сымону. Цяпер у нас цэлыя чатыры прынцэсы! І сям’я мне ва ўсім дапамагае, бо я шмат езджу з выступамі па Амерыцы.

Англамоўны альбом – гэта спроба асімілявацца?

Усё на шмат прасцей – я жыву ў краіне, дзе размаўляюць на англійскай. І я хачу дзяліцца радасцю выратавання і Божай любові з усімі, хто разумее па-англійску. А сёння гэта амаль увесь свет! І Гасподзь загадвае прапаведаваць да краёў зямлі!

Што значыць для вас, як для музыкі, гэты альбом?

Мне здаецца, у мяне атрымалася даказаць самому сабе і іншым, што, не нарадзіўшыся ў гэтай краіне і маючы кучу “савецкіх” і ўжо набытых “амерыканскіх” комплексаў, можна зрабіць якасны музычны прадукт, запатрабаваны індустрыяй хрысціянскай музыкі. У ЗША гэта сапраўды індустрыя, магутны музычны рынак, вялізная і значная частка культуры. У Амерыцы шмат вядомых лідараў праслаўлення з розных краін свету. Але вось з краін былога СССР складана ўспомніць хаця б аднаго, хоць яны ёсць, але большасць застаюцца вядоымі на мясцовым узроўні. Пры Божым садзейнічанні, спадзяюся, мой альбом стане вядомы значна далей, чым толькі наш штат.

Дык для вас гэта перарэзанне “беларускай пупавіны”, як бы развітанне з гістарычнай радзімай і пераход да працы з новай аўдыторыяй?

Не, мабыць. Перш за ўсё, гэта пераход да працы з новай аўдыторыяй. Але гэта ніяк не выключае працяг працы са старой аўдыторыяй. Развітацца з гістарычнай Радзімай або перарэзаць “беларускую пупавіну”, як вы выказаліся, проста не атрымаецца. Гэта глыбока ў маім сэрцы. Я мару і веру, што аднойчы я змагу зрабіць вялікі канцэрт на Радзіме. Пры тым вельмi хачу заспяваць па-беларуску. (Гэты сказ Алекс прамовіў па-беларуску, а ўсё інтэрвью запісана па-руску – А.Ш.).

Што значыць быць хрысціянінам у сучасным свеце і сучаснай Амерыцы?

О, гэта важнае пытанне, на якое ўвесь час даводзіцца адказваць для сябе. Таму і адказ на яго мне даўно вядомы, ён нават структураваны ў маёй свядомасці.

1. Заставацца адданым Біблейскай Праўдзе, а не паданням старцаў. 2. Захоўваць баланс паміж духоўным і душэўным. 3. Шукаць найперш Царства Божага і праўды Яго, а ўсё астатняе прыкладзецца! А прыналежнасць да якой-небудзь краіне не мае тут вялікага значэнняі. Д’ябал у любой краіне шукае ўкрасці, забіць і загубіць. Таксама і Хрыстос – у любой краіне гатовы даць жыццё і жыццё з лішкам.

Інтэрв’ю падрыхтаваў Анатоль Ширвель, Krynica.info, фота з архіва Алекса Янцэвіча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі