У Мінску прайшло шэсце памяці рэпрэсаваных «Дзяды» (фотарэпартаж)

dziady (1)

У Мінску 1 лістапада прайшло традыцыйнае шэсце «Дзяды» ва ўрочышчы Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У ім узялі ўдзел каля 400 чалавек. Арганізатарам акцыі была Кансерватыўна-хрысціянская партыя-БНФ.

Удзельнікі шэсця пачалі рух ад Мінскага гадзіннікавага завода. Упершыню за доўгія гады шэсце з-за будаўніцтва развязкі ў раёне вуліцы Філімонава некалькі скарэкціравала свой маршрут. Удзельнікі шэсця вымушаныя былі ісці па правым баку праспекта Незалежнасці. У руках яны неслі тры крыжа, бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама расцяжкі з надпісамі «Дзяды», «Курапаты — наш народны мемарыял», «Беларуская салідарнасць — наш супраціў расейскай акупацыі».

Сярод удзельнікаў акцыі, акрамя прадстаўнікоў КХП-БНФ, былі заўважаныя палітыкі Мікалай Статкевіч (БСДП НГ), Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец (БХД), Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец (Рух за свабоду), Зміцер Дашкевіч (Малады фронт), Вячаслаў Сіўчык ( Рух «Разам»), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ). За падзеямі назіралі людзі ў цывільным, якія вялі відэаздымкі.

У Курапатах адбыўся мітынг, на якім сакратар управы КХП-БНФ Валерый Буйвал зачытаў зварот з эміграцыі лідара партыі Зянона Пазьняка. У звароце адзначалася, што «наша гісторыя трапіла ў зону рускага камуна-фашызму, калі забівалі толькі за тое, што мы — беларусы». Па словах палітыка, Расія плануе знішчэнне беларусаў, руйнуючы школу і мову, рабуючы народ. Зянон Пазьняк таксама заклікаў беларускі народ рыхтавацца да бітвы за свабоду і незалежнасць.

У сваім чаргу намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі заявіў, што, каб супрацьстаяць інфармацыйнай вайне супраць Беларусі, неабходна размаўляць па-беларуску, адраджаць беларускую культуру, насіць нацыянальныя сімвалы. Паводле яго слоў, Беларусь павінна быць высокаадукаванай дэмакратычнай нацыяй, якая любіць сябе, паважае іншыя народы, з аптымізмам глядзіць у будучыню.

Мітынг у Курапатах завяршыўся гімнам «Магутны Божа», пасля чаго былі ўсталяваныя крыжы, якія неслі падчас шэсця.

Фота Paval Hadzinski

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі