Мітрапаліт Павел супраць “рэстаўрацыі” беларускіх храмаў па рускім узоры

ПавелМітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, 3 лістапада на адкрыцці выставы «Праваслаўныя цэрквы і капліцы Эстоніі» ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі выказаўся ў абарону “статуса-кво ў дачыненні да старых храмаў, якія былі пабудаваныя ў мінулых і пазамінулых стагоддзях».

Падкрэсліўшы, што «будаўніцтва храмаў заўсёды было ўдзелам самых прагрэсіўных людзей», герарх зазначыў, што так было ва ўсе часы: “Для людзей усіх часоў свае дамы заўсёды былі на другім месцы, а ўсё самае лепшае неслі Богу, таму храмы здзіўляюць людзей”, паведамляе belta.by.

З гэтай нагоды, на думку ўладыкі Паўла, старадаўнія храмы падчас рамонту “няма сэнсу змяняць. Калі храм рэстаўрыруецца, то, напэўна, правільна будзе яго рэстаўрыраваць у тым выглядзе, у якім ён быў. Сама рэстаўрацыя падразумявае пад сабой аднаўленне ў ранейшым выглядзе».

Патлумачышы, што ён падтрымлівае тых, хто “кансерватыўна ставіцца” да магчымых зменаў у абліччах храмаў, мітрапаліт адначасова дапусціў, што ў некаторых выпадках, калі прымаецца рашэнне аб замене купала, той «павінен быць так гарманічна створаны, каб не дысанаваў» з храмам.

Выказванне мітрапаліта Паўла прагучала на тле шырокага рэзананса вакол змены купала на Траецкім саборы ў Слоніме. Па ініцыятыве настаяцеля сабора пратаіерэя Дзімітрыя Сёмухі аўтэнтычны барочны купал цёмна-меднага колеру 27 кастрычніка быў заменены на вялікі залочаны купал у стыле расійскага сакральнага будаўніцтва.

1 лістапада мітрапаліт Павел узнагародзіў а. Сёмуху ордэнам Кірыла, свяціцеля Тураўскага, II ступені.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі