Біскуп Яшэўскі: навучанне ў духоўных семінарыях чакаюць магчымыя змены

семинарыяДапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, 28 кастрычніка прызначаны кіраўніком Камiсіі па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, паведаміў, што каталіцкія семінарыі Беларусі чакаюць перамены і мадыфікацыя.

Герарх нагадаў пра візіт у Беларусь у траўні Сакратара кангрэгацыі па справах духавенства арцыбіскупа Хорхэ Карласа Патрона Вонга, вынікам якога стала парада з Ватыкана арганізаваць у семінарыях прапедэўтычны год навучання, цягам якога семінарысты, перш чым пачаць непасрэднае навучанне, павінныя будуць прайсці год падрыхтоўкі, паведамляе catholicnews.by.

Плануецца, што, пасля сканчэння года падрыхтоўкі, семінарысты будуць вывучаць філасофію ў семінарыі ў Пінску, а тэалогію – у семінарыі ў Гродне.

На думку біскупа Яшэўскага, такі навучальны працэс дазволіць семінарыстам лепш спазнаць агульнабеларускую сітуацыю Каталіцкай Царквы, пазнаёміцца з багаццем Царквы як на ўсходзе, так і на захадзе Беларусі.

Біскуп Яшэўскі упэўнены, што аб’яднанне студэнтаў з розных рэгіёнаў Беларусі стане добрым грунтам для паўстання Духоўнай Акадэміі ў Мінску.

Разам з біскупам Яшэўскім над планам мадыфікацыі навучальнага працэсу ў семінарыях працуюць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскi, бiскуп Пінскі Антонi Дзям’янка, рэктары семінарыяў кс. Раман Рачко і кс. Андрэй Рылка.

Змены пачнуць ажыццяўляцца з наступнага навучальнага года.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі