Біскуп Станеўскі памаліўся на магілах святароў, што прывялі яго да веры

СтаневскийДапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі цягам актавы, калі каталікі ўзгадваюць памерлых, ад 1 па 8 лістапада, аб’ехаў шматлікія парафіі Гродзеншчыны з малітвай за памерлых.

У кожнай парафіі герарх нагадваў вернікам не забывацца маліцца аб вечным супакоі для памерлых святароў, якія працавалі ў іх мясцовасці, паведамляе catholic.by.

Ва ўрачыстасць Усіх Святых, 1 лістапала, біскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы. На наступы дзень біскуп маліўся аб памерлых на сваёй радзіме – у парафію Найсвяцейшага Сэрца Госпада Ісуса і святога Язафата ў Заневічах, дзе маліўся такама і за сваіх спачылых продкаў.

3 лістапада біскуп наведаў могілкі ў Гожы, дзе маліўся за свайго аднакурсніка кс. Антонія Самілу, які быў тут пробашчам і памер у 2002 годзе. 4 лістапада, у дыяцэзіяльны дзень малітвы за памерлых святароў Гродзенскай дыяцэзіі, герарх наведаў парафію Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмонтах, дзе маліўся за кс. Юзафа Мацееўскага, які некалі яго ахрысціў, а таксама кс. Станіслава Сароку, падкрэсліўшы, што “дзякуючы ім змог рабіць крокі наперад у веры”.

5 лістапада герарх узначаліў святую Імшу ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы, дзе маліўся за памерлага ў гэтым годзе кс. Яна Занеўскага, свайго земляка.

6 лістапада біскуп Станеўскі маліўся за памерлых выкладчыкаў разам з супольнасцю гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, а ўвечары – у парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях.

7 лістапада ў Лідзе герарх маліўся ля магілы а. Станіслава Каласантыя Роека SP, пахаванага ў 1996 годзе ля лідскага касцёла. Святая Імша ахвяравалася памяці 9 святароў, забітых гітлераўцамі бліз Ліды ў часы Другой сусветнай вайны.

8 лістапада біскуп маліўся аб памерлых разам з вернікамі лідскай парафіі Божай Міласэрнасці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі