Па слядах Апостальскіх нунцыяў у Беларусі

ватыкан мінск 2

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам былі ўсталяваныя амаль роўна 23 гады таму – 11 лістапада 1992 года. З тых часоў змянілася шэсць Апостальскіх нунцыяў, якія прадстаўлялі Святы прастол у нашай краіне.

Першым з іх быў ураджэнец Калумбіі, тытулярны арцыбіскуп Чэленэ – Габрыэль Мантальва Ігера, які быў прызначаны на гэту пасаду 17 красавіка 1993 года. У гэты час ён выконваў функцыі Апостальскага нунцыя ў Югаславіі і ў Беларусі працаваў па сумяшчальніцтве. Адначасова ён кіраваў Папскай дыпламатычнай акадэміяй у Рыме. У Беларусі арцыбіскуп Габрыэль служыў да 17 траўня 1994 года, Югаславіі – да лютага 1996-га. У 1998 годзе яго прызначылі Апостальскім нунцыем у ЗША і назіральнікам пры Арганізацыі Амерыканскіх дзяржаў. У снежні 2005 года арцыбіскуп сышоў на пенсію, а праз восем месяцаў – 2 жніўня 2006 года памёр.

У Беларусі яго пераемнікам быў італьянец Агастына Маркета, але ўжо ў сакавіку 1996 года ён пакінуў краіну і пачаў працаваць у ватыканскім Дзяржсакратарыяце. У 1999-2001 гадах ён быў назіральнікам пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН у Рыме, а затым да 2010 года – сакратаром Папскай рады дышпастырства мігрантаў і падарожных.

Наступным Апостальскім нунцыем у Мінску быў славак Дамінік Грушоўскі, які знаходзіўся на пасадзе з 15 красавіка 1996 года па 8 кастрычніка 2001-га. У 2001 годзе ён пакінуў дыпламатычную дзейнасць. З 2001 года арцыбіскуп Дамінік служыў дарадцам аддзелу па зносінах з дзяржавамі свету Дзяржсакратарыяту Ватыкану і быў сябрам Папскага камітэту па міжнародных еўхарыстычных працэсах. У 2007 годзе ён канчаткова сышоў на пенсію і пасяліўся ў маленькім гарадку ў роднай Славакіі.

Чацвёрты Апостальскі нунцый у Беларусі ў 2001-2004 гадах арцыбіскуп Іван Юркавіч быў славенцам. Пасля Беларусі яго перавялі ва Украіну, а адтуль у 2011 годзе ў Расію. Таксама з 2011 года ён з’яўляецца Апостальскім нунцыем ва Узбекістане па сумяшчальніцтве.

У 2004 годзе на пасаду прадстаўніка Святога прастолу ў Беларусі заступіў харват Марцін Відавіч. Заставаўся ён на гэтай пасадзе да 2011 года, калі яго змяніў італьянец Клаўдыё Гуджэроцці. І вось 13 лістапада 2015 года стала вядома, што і яго пераводзяць з Беларусі – ён будзе прадстаўляць Святога Айца ва Украіне. Хто прыйдзе яму на змену, пакуль невядома.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі