Серыя тэрактаў у Парыжы: дзясяткі забітых, каля сотні ў закладніках

парыж

У Парыжы ў ноч на 14 лістапада адбылася серыя тэрактаў адразу ў некалькіх месцах. Іх ахвярамі сталі, па розных звестках, некалькі дзясяткаў чалавек. Па паведамленні шэрагу СМІ ахвяр можа быць не менш за 60, яшчэ каля 100 чалавек знаходзяцца ў закладніках.

Недалёка ад стадыёна Stade de France падчас футбольнага матчу Францыя-Германія, за якім назіраў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прагрымелі два выбухі. Кіраўніка дзяржавы эвакуіравалі ў бяспечнае месца. Паведамляецца, што выбухі здзейснілі смяротнікі.

У канцэртную залу Bataclan падчас канцэрту амерыканскага гурта Eagles of Death Metal уварваліся некалькі чалавек, якія адкрылі агонь і ўзялі закладнікаў. Па словах відавочцаў, нападнікі крычалі, што “помсцяць за Сірыю”. Частка гледачоў паспела выратавацца ўцёкамі з канцэртнай залы, але каля 100 чалавек засталіся ў закладніках. Па словах ацалелых, тэрарысты халаднакроўна расстрэльваюць людзей. Прылеглы квартал цалкам ачэплены сіламі правапарадку.

Не менш чым у шасці кварталах французскай сталіцы невядомыя адкрылі агонь па людзях з аўтаматычнай зброі. Так, у рэстаране Petit Cambodge невядомыя адкрылі стральбу з аўтаматычнай зброі. Паведамляецца таксама аб перастрэлцы ля гандлёвага цэнтра Les Halles.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд абвясціў аб увядзенні надзвычайнага становішча і закрыцці французскіх межаў. Паводле яго слоў, некаторыя аб’екты будуць зачыненыя, рух транспарту можа быць забаронены, будуць праведзены ператрусы па ўсім сталічным рэгіёне.

Мэрыя Парыжу заклікала жыхароў горада не пакідаць свае дамы. Парыжскія бальніцы пераведзены на надзвычайны рэжым працы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі