Ватыкан: Гвалт у Парыжы – напад на ўсё чалавецтва

ПарижПрэзідэнт Францыі Франсуа Аланд 14 лістапада абвінаваціў у нападах ў Парыжы экстрэмісцкую групоўку “Ісламская дзяржава” і назваў серыю тэрактаў, якая забрала жыцці больш за 150 чалавек, “актам вайны”.

Па словах французскага прэзідэнта, напады былі спланаваныя і арганізаваныя за межамі Францыі, але пры падтрымцы ўнутры краіны, паведамляе ВВС.

Прадстаўнік кіруючай французскай Сацыялістычнай партыі Корын Нарасіген прызнала, што напады ў Парыжы сталі магчымыя з прычыны недапрацовак спецслужбаў. Нарасіген падкрэсліла, што Францыя знаходзіцца на перадавой барацьбы з тэрарызмам у свеце – асабліва ў Сірыі і Іраку, і, па яе словах, напады не аслабяць рашучасць Францыі весці барацьбу з тэрарызмам.

Італія пасля нападаў у Францыі падвысіла ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне, прымаюцца дадатковыя меры для забеспячэння бяспекі грамадзянаў. У тэлезвароце да нацыі італьянскі прэм’ер-міністр Матэа Рэнца падкрэсліў: «Напады былі накіраваныя супраць нашага ладу жыцця».

Ватыкан у сваёй заяве называе гвалт у Парыжы “нападам на ўсё чалавецтва”. У заяве ўтрымліваецца заклік да рашучых дзеянняў усіх людзей з мэтай спыніць “распаўсюд смяротнай нянавісці ва ўсіх яе праявах”.

Нямецкі канцлер Ангела Меркель заявіла, што Германія дапаможа Францыі знайсці памагатых тых, хто ажыццявіў і падрыхтаваў напады ў Парыжы. Яна заявіла, што абедзве краіны працягнуць барацьбу з тэрарызмам для таго, каб абараніць еўрапейскія каштоўнасці. “Напад на нашу свабоду нацэлены не толькі на Парыж, а на ўсіх нас”, – кажа Меркель.

Прэзідэнт Сірыі Башар Асад асудзіў нападу ў Парыжы, падкрэсліўшы: “Францыя стала ахвярай варварскага тэрору, таго самага, ад якога сірыйскі народ пакутуе больш за пяць гадоў”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі