У Парыжы апазнаны адзін з тэрарыстаў

парижПракурор Парыжа Франуса Мален 15 лістапада распавёў аб першых кроках па расследаванні серыі тэрактаў, якія знеслі напярэдадні жыцці 129 чалавек.

Па дадзеных Малена, аднаго з тэрарыстаў ўдалося апазнаць па пальцу, які быў знойдзены ў канцэртнай зале “Батаклан”, паведаміла агенцтва Франс-прэс.

Гэта 29-гадовы парыжанін Амар Ісмаіл Мастэфа, які раней быў судзімы ў 2004-2006 гадах за дробныя злачынствы, аднак не адбываў турэмнага пакарання. Мастэфа нарадзіўся ў мястэчку Куркарон ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Парыжа, прытрымліваўся радыкальных рэлігійных поглядаў, пра што ведалі спецслужбы, аднак яго імя ніколі не ўсплывала ў матэрыялах контртэрарыстычных расследаванняў.

Французская паліцыя заключыла бацьку і брата Амара Мастэфы пад варту і правяла ператрусы ў іх дамах. Старэйшы брат Мастэфы прыйшоў у паліцэйскі пастарунак добраахвотна. “Гэта вар’яцтва, вар’яцтва. Я сам быў у Парыжы мінулай ноччу, я бачыў, што за кашмар там адбываўся”, – сказаў ён перад арыштам, дадаўшы што не меў зносінаў з малодшым братам на працягу некалькіх гадоў.

Таксама Франсуа Мален пацвердзіў, што арышты трох чалавек у Бельгіі звязаныя з нападамі, а аўтамабіль з бельгійскімі нумарамі, знойдзены каля канцэртнай залы “Батаклан”, быў арандаваны французам, які жыве у Бельгіі.

Раней паліцыя заявіла аб тым, што падчас здзяйснення тэрактаў дзейнічалі тры групы тэрарыстаў. Распрацоўваецца версія аб тым, што бельгійская група магла быць чацвёртай.

Грэцкія ўлады заявілі, што двое з падазраваных французскай паліцыяй рэгістраваліся ў Грэцыі ў якасці сірыйскіх уцекачоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі